Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 212

Невядомы

Матэрыялізацыя таго, чаго няма (адвечная ўласцівасць мовы), увасабляе Ідэю, эфемерыю па сутнасці. Сімптаматычна, што ў апавяданні В.Быкава “Палкаводзец” структура твору ўзнімае на ўзровень самадастатковай падзейнасці Слова. Знаёмы нам маршал Перамогі ў творы пісьменніка убачаны вачыма салдата або афіцэра-акопніка. Для іх ён Іншы. Але быкаўскі Іншы не можа разглядацца па-за межамі той прасторы, дзе набываюць свой лёс героі апавядання. Ён існуе з імі ў адной плоскасці падзеі, ствараючы падставы для кантакту-супрацьпастаўлення і ўласнай матывацыі. Першыя ж словы Палкаводца, звернутыя да салдат-“бегуноў” (“Пачаму бежалі?.. Пачаму бежалі?.. Здаць аружыя!”), у далейшым падсілкаваныя нейтральным моўным кантэкстам, сведчаць пра метафізічную наканаванасць жудасных падзеяў, якую не ўлагодзіць узорным расстрэлам некалькіх няшчасных. Чужасць, “інакшасць” Палкаводца, падкрэсленыя ідэальнай адпаведнасцю плану змястоўнага і плана выяўлення ў самадастатковасці мовы, сярод аб’ектыўнага аўтарскага кантэксту, які можа супрацьстаяць чужому выказванню, усведамляючы “самога сябе... у якасці такой жа суб’ектыўнай “чужой мовы”” (В.Валошынаў).

“Усё” здолела вылучыць сябе з навакольнага свету як “само”. Мараль адшукала мэту і, стаўшы сама-мэтай, страціла маральны абрыс. Яе змест — па-за мараллю, у абсалюце рэлігійнага пачуцця, поклічам якога можа стаць банальнае дзіцячае “агу” з прытчы грузінскага пісьменніка Эрлома Аўхледзіяні, прыгаданай А.Адамовічам у кнізе-рэквіеме “Vіхі”.

Героі створанага казачнікам-філосафам апавядання “Агу” — замілавана клапатлівыя ля свайго першынца бацькі — паўстаюць сапраўднымі дзецьмі ў вачах немаўляці, што паблажліва назірае за шчаслівай мітуснёй вакол сябе з вышыні боскай вечнасці, якая на кароткае імгненне самаўсвядомленага быцця знайшла сваю адпаведнасць у гэткім “Эйнштэйне-Фрэйдзе плюс Дастаеўскім у адной асобе” (А.Адамовіч).

Аднак гэтая фантастычная дасведчанасць, што падсумоўвае ўвесь плён развіцця чалавецтва, без следу знікае ў першым дзіцячым “агу!”, пакідаючы ягонай памяці чыстую прастору жыцця, на якой трэба пачынаць усё спачатку: з адчуваннем нязбыўнага цяжару першароднага граху і наканаванай расплаты за яго. Але менавіта ў гэтай адвечнай супярэчнасці пачатку і канца А.Адамовіч шукае апірышча для годнага адказу на выклік часу, які бессаромна пагрэбаваў нашай спрактыкаванасцю ў маральным вызначэнні “добрага” і “дрэннага” і прапанаваў дылему, якая пагражае выштурхнуць гуманістаў і чалавеказнаўцаў “на той бок дабра і ліха”, вядома, калі яны наогул наважацца растлумачыць, што такое НІШТО.