Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 211

Невядомы

У гэтых абставінах самы паважаны дарадца — не больш, чым носьбіт іншага стаўлення, падрыхтаваны да ахвяравання ўласнай “самасцю” дзеля захавання метапазіцыі Iншага, стваральнай для семіясферы і згубнай для беспрытульнага сэнсу —Франкенштэйна. У прасторы культуры нават пустэча набывае адчувальную важкасць, цягне ланцужок фатальных метамарфоз, якія А.Сямёнава слушна назвала “сэнсастратамі”. I наадварот, зона немагчымага (там) нішчыць упарадкаванасць сэнсу і, здаецца, нават змушае да дзьвюхмоўя мастацкага існавання. Яно, безумоўна, далёкае ад спадзяванняў Ю.Лотмана на стваральны плён перакладу на розныя мовы культуры таго, што ўвогуле перакладу не падлягае, але прыдатнае, каб у “свядомасна-слоўнай субстанцыі” (А.Сямёнава) паспрыяць быццю беларусаў па-за часам і гісторыяй — у Слове. На працягу стагоддзяў менавіта Слова было нацыянальным выратаваннем, а сёння, пасля Чарнобылю, ці не яно пераасэнсоўвае ў гэтым “двухмоўным” дыялогу сутыкненне з невядомым, з рэальнасцю “па-за”, якая паяднала імгненне і вечнасць.

Беларусы здаўна прызвычаіліся да існавання “паміж”, спакушаючы сваёй адкрытасцю і Захад, і Усход. Але, паводле парадаксальнай — дарэчы, толькі на першы погляд — думкі А.Мальдзіса (са спасылкай на прафесара Бруна Дрвескі), пакуль уладарныя суседзі выбіралі беларусаў, замінаючы адзін аднаму, беларусы самі выбралі сябе і пэўныя хібы такой вось “запазычанай” адметнасці зрабілі сваімі вартасцямі. Дзіўна, але менавіта тое, што беларусы — нацыя невымоўнага, робіць для іх жыццёва актуальным першаслова, дакладней, нават два, з дапамогай якіх філосаф і тэолаг М.Бубер вызначаў экзістэнцыяльныя стасункі чалавека з чалавекам і чалавека з светам (“Я — Ты” і “Я — Яно”), абгрунтоўваючы “сферу Паміж” як першасную катэгорыю чалавечай рэчаіснасці, адкуль павінна выйсці “сапраўднае Трэцяе”. Немагчымасць (невымоўнасць?) канчатковага адказу ў “Ты” ашчаджае “Я” чысцінёй стасункаў, з чаго вынікае бубераўская формула Бога — “тайна самавідавочнага, якая бліжэй да мяне, чым маё “я””.

Дыялог праз невымоўнае рэалізуе Слова ў дзеі (“Я — Ты”), калі пагрэбаваць “Я” проста немагчыма, гэтаксама, як кожнае вымаўленае беларускае слова — ужо не гук, а ўчынак. Мы вяртаемся да пачатку, мы пачынаем — там, дзе свет тлумачыцца сабой, дзякуючы нашаму “Я”, якое аспрэчвае досвед, абумоўлены прычыннасцю (хіба можа яна быць нашай умовай у постчарнобыльскім свеце?..). Праблематычнасць эстэтычных дачыненняў да прычыны вымагае іх самакаштоўнага вызначэння на пуцявінах, некалі аспрэчаных заявай Ф.Ніцшэ аб адсутнасці ў мове сродкаў, якія маглі б выразіць станаўленне. Магчыма, беларусы здолеюць абмінуць гэтыя перашкоды, усвядоміўшы ўласныя жыццёвыя каардынаты як перадумову Слова...