Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 210

Невядомы

Відаць, гэтае эстэтычнае імкненне, прага дыстанцыі, няхай і здабытай у пэўнай сэнсавай адлегласці, ёсць наша метафізічнае выратаванне ад Чарнобылю. Ён — дадзенасць нашага лёсу, будучыня-“прышласць”, што, авалодаўшы сучаснасцю, выраклася і мінулага, заняволіла нас у вечнасці, шлях у якую М.Бярдзяеў некалі ўгледзеў у наяўным імгненніі, бо менавіта яно перашкаджае адмовіць “цяперашняе” ў імя ўспамінаў аб мінулым ці ўяўленняў пра будучыню, дзеля чаго мы ахвяруем ім прастору нашага “сёння” і тым самым губляем шанец апынуцца “па той бок дабра і зла”, дзе ў кожнае імгненне нашага жыця, у паралельным і “адначасавым” свеце адбываецца рай. На вялікі жаль, наша вечнасць — на “гэтым” баку дабра і ліха, і Ніцшавы імаралізм, аспрэчаны М.Бярдзяевым з пазачасавага, пазагістарычнага пункту гледжання, змушае нас вызначаць яе маральны кшталт. Мы цяпер — сучаснікі ўсіх эпох, і, па вялікім, рахунку менавіта гэта дае нам права разглядаць у чарнобыльскім кантэксце кожны мастацкі факт: ці не дзеля таго, каб давесці няўлоўнасць, непадуладнасць звычайнай свядомасці самой Чарнобыльскай падзеі? Яе прысутнасць у чалавечым лёсе абсалютная, бо чалавеку існаму дадзена УСЁ. Досвед мастацкага ўсведамлення, між іншым,— таксама.

“Адлегласць” зместу не замінае нам здзейсніцца па эстэтычным алгарытме, пазбавіць прывід Франкенштэйна фіктыўнай душы і пазбыцца яго наогул. Душа атрымлівае “месца”, топас; “удзельнік” - душу (прыгадайма перасцярогу М.Бахціна), а насельнікі чарнобыльскай прасторы — яе меру (дыстанцыю?), тоесную ролі бахцінскага “прасторавага героя”, які немагчымы без памянёнай “вненаходимости” у адносінах да самога сябе.

Гэтае нашае наканаванне быць сэнсам усяго бытнага Ю.Лотман вызначаў паняццем “семіясфера”, разумеючы пад ім “усю ўласцівую дадзенай культуры семіятычную прастору”, і маляваў яе вобраз у выглядзе залы музею, дзе ў сінхронным зрэзе суіснуюць экспанаты розных эпох з надпісамі на вядомых і невядомых мовах, інструкцыі і схемы экскурсій, экскурсаводы і наведнікі. Эстэтычная падзея непазбежна далучае нас да гэтага кангламерату сэнсаў, дазваляючы стаць адным з іх, зрабіць з’яву яе тлумачэннем (падобна да таго, як у семіясферы вынік культуры спраўджваецца ўмовай яе развіцця) і ў такім выяўленні зместу пачціва паставіцца да самакаштоўнага быцця. Ратуючыся ад замаху Чарнобылю, мы невыпадкова шукаем прытулку ў семіясферы, якая не толькі не аспрэчвае нашага статусу (бо, на думку Ю.Лотмана, існуе па агульных з біясферай законах), але і абнадзейвае магчымасцю ўбачыць кожны аб’ект (семіясферы) у згодзе з тым сэнсам, што яму нададзены.