Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 209

Невядомы

Чарнобыль у выяве мастацкай свядомасці

Калі вечнасць насамрэч мае пачатак, то для беларусаў ён напэўна пазначаны Чарнобылем. Але і для асобнага жыцця, і для жыцця пакаленняў у маштабе вечнасці губляецца сам час, саступаючы “дурной бясконцасці”. Хаця і ёй наканавана спатыкнуцца аб мяжу, якая некалі падзеліць пярэдадзень і “сёння” ў свядомасці тых, каму пашчасціць жыць у пераадоленай мінуўшчыне, зрэшты, вельмі падобнай да будучыні.

Зразумела, бяспечную адлегласць ад падзеі кожны вызнае сам, але хіба магчыма засцерагчыся ад спакусы адолець гэтыя межы ў прасторы мастацтва, дзе знаходзіць прытулак вечнасць, вызваленая ад прыгнёту часу, каб адмыслова паспагадаць уцекачу з чарнобыльскага універсуму, пераўтварыўшы яго ў дзіўнавата-недарэчны персанаж уласных разумовых практыкаванняў. Прынамсі, тое і здарылася з аўтарам гэтых радкоў, калі ён з неабачлівай лёгкасцю дазволіў сабе колькі гадоў таму у дыскусіі аб сучасным стане і перспектывах беларускага літаратуразнаўства з бяскрыўднай іроніяй разважаць пра загадкавасць чалавека, якога нават у прыцемку саркафагу цікавяць тэарытычныя праблемы навукі аб літаратуры. Вядома, той вобраз дзівака быў наўмысна абагульненым, хутчэй разумова-абстрактным, чым эмпірычным. Аднак ці не абудзіўся ён напраўду гэткім Франкенштэйнам пакрыўджанага сэнсу адразу пасля таго, як аматару гуманітарных альтэрнатываў закарцела паспытаць сябе ў спрэчцы з чарнобыльскай наканаванасцю, утаймаванай (а раптам?..) у межах штучнай рэальнасці, валоданне якой дадзена чалавеку праз эстэтычны досвед?

Апынуўшыся на скраені Сябе і Iншага, можна дачакацца узнятых павекаў Вія, бо, атаясаміўшы сябе з пачварай-Падзеяй, нельга не надаць новай моцы яе сляпой інерцыі, у патэнцыі якой — вечнасць паўраспаду і якая не аднаго Хаму Брута выштурхне за выратавальнае кола пачуццёвасці, пакідаючы адпрэчанай істоце адно магчымасць існавання па законах абстракцыі. Дастаткова толькі зірнуць на Iншага — Сябе, як паспрабаваў быў аўтар гэтых радкоў, калі ў той дыскусіі спаслаўся на слушнае меркаванне аднаго ўдумлівага чытача, паводле якога, Чарнобыль у якасці тэмы мастацтва, літаратуры, увогуле культуры, магчыма, не здзейсніцца ніколі, бо самі чарнобыльцы стаміліся ад сапраўднай бяды, а суседзі блізкага і далёкага чарнобыльскага замежжа ніколі не зразумеюць нас так, як разумеем мы самі, існуючы пад штодзённым уціскам катастрофы.

Час астудзіў пафас рытарычных пытанняў з нагоды гэтай глабальнай небяспекі, бо немагчымасць мастакоўскіх дачыненняў да найноўшай гісторыі Беларусі пагарджала не толькі нашай постчарнобыльскай будучыняй, але і нашай вясковай ды ваеннай мінуўшчынай. Выразна інтэлектуальнае стаўленне да гэтага гістарычнага раздарожжа выкрывала небяспечны намер эпохі, але ж і дазваляла ажыццявіцца ў новай мастацкай прасторы, зрабіць яе “сваёй” хаця б на ўзроўні адпаведнасці самога факту і яго тлумачэння. Першыя буйныя мастацкія творы, пазначаныя чарнобыльскім светаглядам (напрыклад, антыутопія А.Адамовіча “Апошняя пастараль”) аднаўлялі жанры, якія сімвалізавалі завяршэнне нейкага цыклу ў развіцці літаратуры, прасякнутай “жыццём наадварот”. Аднак і чалавек, падсілкаваны традыцыямі еўрапейскага асветніцтва, не мог заставацца па-за межамі эстэтычнай падзеі, што дамагалася яго адпаведнасці Iдэі і з гатовасцю прызначала на гэтую ролю не толькі літаратурнага героя. Люстэрка твору насамрэч магло збянтэжыць аўтара-героя-чытача змушаным двайніцтвам ягонага існавання, калі заставалася адно пазайздросціць спрыту прывіднага блізнюка, здольнага трымацца ў новых варунках годна і паважна, ці не з тае банальнае прычыны, што нованароджаны Франкенштэйн з “фіктыўным прадуктам” (М.Бахцін) з’яўляўся першым крокам да сапраўднай “эстэтычнай падзеі” (цяпер ужо ў дакладным тэрміналагічным разуменні), дзе гаспадар і ягоны слуга непазбежна памяняюцца месцамі? I хіба адной неабачлівай спасылкі на даўнюю літаратуразнаўчую дыскусію не дастаткова, каб забяспечыць прастору ўмоўнаму персанажу-двайніку, якую меў на ўвазе М.Бахцін, абгрунтоўваючы “эстэтычную падзею” праз “этычную і эстэтычную аб’ектывацыю”, “вненаходимость” аўтара герою, інакш кажучы — дыстанцыю сэнсу? На ёй нельга даверыцца “фіктыўнай душы” ўяўнага назіральніка-фантому, “душы без месца”, “удзельніку без імя”, але можна — і трэба — ажыццявіцца ў сапраўдным, увасобленым у поглядзе Iншага: як аднаму сярод Iншых (людзей, герояў) і як Iншаму — Самому.