Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 208

Невядомы

***

Асуджаныя на жыццё ў Зоне — хворыя на непазбыўную віну, бо міфы часоў “першатварэння”, распаўсюджаныя сярод іх, пераканаўча даводзяць, што ў будаўніцтве Зоны кожны прымаў удзел. Цверазілаўка А.Федарэнкі — выдатная метафара, якая ілюструе бессэнсоўнасць “паўстання” ў Зоне. Што б ты ні зрабіў,— вінаваты, не робіш нічога — вінаваты. “У кожнага свой смутак” (Э.Агняцвет) — віна, пэўна, таксама.

Беларуская літаратура, напрыклад, ніяк не можа вызначыцца, у чым жа яна канкрэтна вінная: у сваім “правінцыяналізме”, “саўковасці”, “вясковасці” (пералік далёка не поўны). Так, С.Дубавец выносіць уласны прысуд беларускай савецкай літаратуры ў артыкуле “Ружовы туман” (“ЛіМ”, 9 студзеня 1998 г.). Памятаючы: Зона вялікая — рана ці позна нехта асудзіць і яго, літаратар дае прэвентыўнага выспятку, не заўважаючы (ці ігнаруючы свядома), што ён дзейнічае ў межах усталяванага ў Зоне парадку: асуджаць можна таго, хто не пры справах. Дзеянне ж адбываецца ў Зоне метафар, якія “могуць стацца небяспечнымі не толькі з-за таго, што яны прымушаюць нас думаць, нібыта тое, на што яны намякаюць, існуе рэальна, але і з-за таго, што падштурхоўваюць нас да думкі, быццам уласцівасці адных рэферэнтаў метафары з’яўляюцца неад’емнаю часткаю іншых яе рэферэнтаў” (Э.Маккормак). Калі маніць адзін — значыць, маняць (могуць, хочуць) усе. Логіка Зоны. Яе, калі хочаце, дыялектыка.

Што рабіць, калі “позна жыць і рана паміраць” (А.Пашкевіч)? Вызваленнем здаецца радыкальнае: “Упоперак горла — лязом” (У.Някляеў).

На шчасце, беларуская літаратура (і культура ў цэлым) не схільная да суіцыду. Мы ўсё яшчэ маем надзею, што “прыйдзе новых пакаленняў на наша месца чарада” (Янка Купала), і ўжо яны разбяруцца. Ёсць, праўда, небяспека, што іх сустрэне тая ж Зона. І нашае сёння ў іхнім заўтра зноў будзе вінаватым.

***

Х.Артэга-і-Гасэт бачыў у метафары сімвал вышэйшай рэальнасці. Пасля “паўстання мас” гэтая “вышэйшая рэальнасць” стала неактуальнаю для пераможцаў. Метафары знайшлася праца ў індустрыі мрояў.

Метаметафарысты памкнуліся даць тропу новае жыццё праз ускладненне метафарычнага коду. Іхняя метаметафара (метабала, паводле М.Эпштэйна) — гэта мастацкі прыём, што дазваляе паэтычнай свядомасці прарывацца скрозь напластаванні культуры да першаснай міфалагемы, суадноснай з сучаснымі рэаліямі. Аднак метабала, блукаючы ў калідорах быцця, выводзіць у нейкую іншую “вышэйшую рэальнасць”, дзе пануе не ўсеадзінства, але адасобленасць. (Як адзначае крытыка, абяцанне метабалы часта заканчваецца пошукамі знешняга падабенства: “Сердце, сердце, тебя все слушай, // На тебя же не посмотри — // На боксерскую мелкую грушу, // Избиваемую изнутри” (А.Шварц).

Пэўна, беларускай паэзіі (як і ўсёй літаратуры) няма патрэбы пакутаваць у пошуках метабал, неакрэсленых і шматслоўных. У нас ужо ёсць — сапраўды экзістэнцыяльная! — метафара Зоны. Які ў яе патэнцыял, як з ёю абыходзіцца, як вылічыць радыюс (і наступствы) ейнага ўздзеяння — ах, як шмат мы ведаем пра ўсё гэта!

Ці ж нам, т у т э й ш ы м, не ведаць.

1998 г.

Там, дзе пачынаецца вечнасць