Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 207

Невядомы

***

Трывога пустэчы і бессэнсоўнасці на мяжы стагоддзяў, і тым больш тысячагоддзяў, як правіла, ператвараецца ў істэрыю. У нагнятанні апакаліптычных матываў ёсць штосьці ад дэкадансу, зразуметага як “старэнне стылю”. Ды калі астатняе чалавецтва можа гуляць у дэкаданс, дык у Зоне — свае гульні.

Сёння беларусы, акрамя экзістэнцыйнай “страты сэнсу”, непазбежнай для чалавека, перажываюць “страту самасці”. Трагедыя заключаецца ў тым, што страта саміх сябе (у нацыянальна-культурным сэнсе) з’яўляецца ці то паўтаральным, ці то зацяжным, перманентным станам. У.Гніламёдаў, аналізуючы ў артыкуле “Паэтычныя традыцыі і менталітэт” (“Полымя”, 1997, № 11) працэс празаізацыі паэтычнай мовы ў ХІХ стагоддзі, робіць наступную выснову: “…паколькі “прагрэс народа” быў штучным чынам запаволены, то прыпынілася, натуральна, і развіццё беларускай мовы як мовы літаратурнай. І не толькі мовы — усёй нацыянальнай культуры. Гэтаму спрыялі тыя нерухомасць, прыгнечанасць і манатоннасць жыцця, якія ўсталяваліся на Беларусі пасля паражэння шэрагу паўстанняў ХІХ стагоддзя”.

Новы век — новыя песні. Ды не ў Зоне. Некаторыя стваральнікі сучаснай беларускай культуры быццам страцілі матывацыю ўласнага руху. Іхнія творы ўмоўна можна параўнаць з паўфабрыкатам: нягледзячы на ўсю прэзентабельнасць, не хапае таго “неагульнага”, наяўнасць ці адсутнасць якога звязана з тым, кім усведамляе сябе творца — “насельніцтвам” Зоны ці “народам”. Імкненне стаць часткаю таго ці іншага кантэксту (славянскага, еўрапейскага, усясветнага ці інш.) тады набывае сэнс, калі самабытнасць з’явы не выклікае сумненняў ні ў “кантэксту”, ні ў самой з’явы.

У Зоне адчаю “самабытнасць” надрыўная. У згаданым артыкуле У.Гніламёдаў заўважае, напрыклад, што “беларуская паэзія ўзрасла на традыцыях ангажаванасці”. Апошнім часам усё выразней адчуваецца вымучанасць патэтыкі многіх твораў беларускай грамадзянскай паэзіі. Паэты “вучаць” народ — сябе, верагодна, далучаючы падсвядома да “каманднага эшалону”. У нашай Зоне асобныя творцы неяк залішне лёгка становяцца вертухаямі, стараюцца аздобіць “патрыятычнымі” лозунгамі пляц, дзе муштра несвядомага народу выглядала б эстэтычна. Маралізатарства — важнейшы чыннік ідэалогіі Зоны. Аднак многія творцы ставяцца да яго з непрыязнасцю, пра што сведчыць паэзія Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, Н.Мацяш, В.Шніпа, Л.Рублеўскай, Л.Галубовіча, Л.Дранько-Майсюка ды інш.

“Новыя бітвы прыдумаў час” — заўважае К.Камейша ў адным з вершаў зборніка “Лінія лёсу”. Паўстанні ХІХ стагоддзя рэдукаваліся ў ХХ-м да пікетаў. Ды час ідзе — метафары застаюцца: “Мая Айчына — ты мая Турма, //І каб хацеў другой — другой няма” (Віктар Шніп). Людзі сыходзяць — Зона застаецца. Спачуванне выклікае няпафасны аптымізм таго ж В.Шніпа: “Люблю і веру, што мінецца дзень // І адпаўзе ў нябыт нябыту цень…” Толькі чаму замест шматкроп’я напрыканцы фразы так хочацца паставіць пытальнік? Можа, таму, што, паводле Ціліха, трывога пустэчы і бессэнсоўнасці раэлізуецца ў разнастайных відах адчужэння — і непазбежна перацякае ў трывогу віны і асуджэння.