Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 206

Невядомы

Зыходзячы з гэтага, можна разглядаць сённяшнюю беларускую літаратуру як аповед пра Зону адчаю, дзе жыццё працякае ў адпаведнасці з “дыялектыкай трывогі”.

***

Трывога лёсу і смерці ў нашай Зоне — ужо не прадчуванне пагрозы небыцця, а шок пасля сутыкнення з ім. У беларускай Зоне Пармянідава “быццё ёсць, а небыцця няма” траціць усялякі сэнс, бо беларусы — суседзі небыцця, тое знаходзіць яскравае адлюстраванне ў “пафасе і канфліктах постчарнобыльскай літаратуры” (Н.Аксёнчык). Так, абсалютна ва ўсіх паэтычных зборніках, выдадзеных “Мастацкай літаратурай” у 1996—1997 гадах, прысутнічаюць стронцыева-цэзіева-плутоніевыя матывы (а ў некаторых — дамінуюць, як у “Бабчыне” М.Мятліцкага). Пра што б ні “расказвалі” сёння беларускія празаікі, яны, прапісаныя ў Зоне постчарнобыльскага небыцця, апавядаюць пра норавы гэтай Зоны. Крытыкі ж абмяркоўваюць прыдатнасць таго ці іншага літаратурнага роду (жанру) для аднаўлення ва ўсёй маляўнічасці кашмару пражывання ў нашай камунальнай Зоне.

З чужынцаў нас цяпер наведваюць пераважна сталкеры, дый тыя — боскага паходжання:

Я з ім пад Брагінам снедаю. На ўсю акругу нас Трое. <…> Ён бог, бо ніхто не ведае, Што ён такое… <…> Ён думкі мае чытае, Ён знае, што мне прысніцца. Ды нечага ён чакае, І некага ён баіцца, Хоць голас яго — жалезны, Пагляд ягоны — сталёвы, Касцюмчык — замежны, Гадзіннік — фірмовы… …Хоць ён прада мной — непазбежны, А я перад ім — выпадковы.

Такім бачыцца “бог зон” Уладзіміру Някляеву, для якога Зона — гэта як “страта, цяжарная Стратай”, гэта дурная бясконцасць гісторыі-пост.

“Зона” У.Някляева люструе надзвычай рэальным “веданнем” сапраўднага жыцця беларускай Зоны. Тое ж веданне — у “Чарнобыльскай малітве” Святланы Алексіевіч…

Бессэнсоўныя спрэчкі вакол таго, хто найбольш пацярпеў ад выбуху на ЧАЭС. Звернем толькі ўвагу на тое, што ў нашай Зоне Чарнобыль — кропка адліку новага “восевага часу”.

К.Ясперс меркаваў, што чалавецтва скрозь усясветную гісторыю рухаецца да новага “восевага часу”, здольнага спарадзіць аснову сапраўднай чалавечай гісторыі, уз’яднанага чалавецтва, такога суіснавання людзей, калі іхныя ўзаемаадносіны будуць грунтавацца на гуманістычных прынцыпах і пачатках. (Дарэчы, умоваю гэтага адзінства, паводле Ясперса, павінна стаць прымальная для ўсіх палітычная форма — прававая дзяржава, збудаваная на поўным адмаўленні ад любых відаў таталітарызму.)

Усе названыя дэфініцыі новага “восевага часу” нас не тычацца, бо ў Зоне — адмысловае разуменне “гуманнасці” ды “адзінства”. У Зоне — свае міфы. Згодна з Э.Касірэрам, форма міфалагічнай думкі ператварае ўсю рэальнасць у метафару. Міфалогія Зоны прадукуе метафары... Зоны. Чарнобыль — хоць і самая жахлівая ў сваёй незваротнасці трывога, але толькі адна з шэрагу. Трывога лёсу і смерці — першая з трох.