Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 205

Невядомы

Экзістэнцыяльная трывога — галоўны матыў і філасофіі, і мастацтва канца ХІХ—ХХ стагоддзяў. Аднак калі раней з адчаем трэба было мужна змагацца, то цяпер пэўнае “пагружэнне” ў адчай бачыцца ці не адзіным паратункам. Гэта калісьці свет быў звіхнуты — сёння ён вывернуты да такой ступені, што андэграўнд (у агульнакультурным сэнсе) стаўся наменклатураю (у тым жа сэнсе). Літаратура, бадай, найбольш яскравае таму сведчанне, бо рыса паміж ёю і рэчаіснасцю знікла так незаўважна, што пачынаеш сумнявацца: можа, яе і не было? Сёння чамусьці не здзіўляешся, што “ў нас куды жыццё, туды і літаратура, а з другога боку, куды літаратура, туды і жыццё, што ў нас не толькі па-жыццёваму пішуць, але і па-пісьмоваму жывуць” (В.Пьецух). Ці то літаратура фіксуе спароджаныя жыццём метафары, ці то жыццё крадзе іх у літаратуры — не зусім зразумела.

Ды што ўсё ж такі здарылася, пасля ч а г о свет аказаўся вывернутым, з метафараю ў аўтарытэтах?

***

На думку Ю.М.Лотмана, адбыўся ВЫБУХ.

Выбух у культуры і гісторыі, а таксама звязаная з ім прынцыповая непрадказальнасць наступстваў — галоўная навуковая праблема, што цікавіла вучонага ў апошнія гады жыцця. Па сведчанні В.У.Іванава, Лотман ведаў, што ён піша ў выбуховы момант гісторыі ўсясветнай культуры. Адзначым, што сітуацыя выбуху — гэта не імгненнае, а працяглае па часе перажыванне крызіснага стану.

Р.Ісаеў у прадмове да хрэстаматыі “Сучасная руская літаратура (1985—1995 гг.)” (Астрахань, 1995 г.) сцвярджае, што руская літаратура перажыла на мяжы 80-х—90-х гадоў выбух, наступствам якога сталася “адміранне многіх звыклых эстэтычных уяўленняў і нараджэнне новых, якія напачатку сустракаюцца непадрыхтаванаю свядомасцю варожа”.

Калі прыняць за аснову пералічаныя сімптомы поствыбуховага “шоку”, давядзецца прызнаць: альбо ў іх выбухнула неяк не так, альбо ў нас нічога не здарылася. “Звыклыя эстэтычныя катэгорыі” ў беларускай культуры наагул паміраць не збіраюцца; “новыя” ж да нас часцей эмігруюць, чым у нас нараджаюцца.

На мой погляд, менавіта метафара Зоны найбольш адэкватна выражае сутнасць сацыякультурнай сітуацыі, што склалася ў сённяшняй Беларусі. Прычым надзвычай важнаю ўяўляецца экзістэнцыяльнасць гэтай метафары.

Вербалізаваць універсальнасць метафары Зоны для сучаснай беларускай культуры дастаткова складана. У якасці пэўнай “тлумачальнай мадэлі” ў кантэксце нашай размовы можа выступіць літаратура — як падкрэслена метафарычны “аповед”.

Згодна з канцэпцыяй метааповеду Ф.Джэймсана, свет даступны і адкрываецца чалавеку толькі ў выглядзе гісторый, апавяданняў пра яго. Прычым, аповед — не столькі літаратурная форма ці структура, колькі “эпістэмалагічная катэгорыя”, зразуметая як “беззмястоўная форма”, што накладваецца нашым успрыняццем на неаформленую, сырую плынь рэальнасці. Нават прадстаўнікі прыродазнаўчых навук, напрыклад, фізікі, паводле Джэймсана, “расказваюць гісторыі” пра ядзерныя часціцы.