Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 204

Невядомы

***

“Было б даволі дзіўна, калі б хто-небудзь любіў Зеўса” — заўважыў Арыстоцель. Метафара — падобна Зеўсу — не мае патрэбы ў нашай сімпатыі; мала яна траціць і ад нашай не-любові. Становішча чалавека эпохі Пост не проста няпэўнае — яно “ніякае”, мы нібыта ў кісялі блукаем. Раптам высвятляецца, што метафара — ці не адзіная “пэўнасць” сёння: яна, нібы рэторта, заключае ў сабе “кісель” сучаснага быцця, утрымліваючы ад расцякання не толькі яго, але і нас саміх.

***

Да нядаўняга часу пра анталагічнасць метафары і размова не ішла. Жыццё яе было даволі аднастайным. (Тое, што літаратурныя тропы жывуць: з’яўляюцца, развіваюцца, сталеюць, часам паміраюць,— адзначаюць, напрыклад, Дз.Ліхачоў, Э.Маккормак.) За “энны” прамежак часу яна вырасла ад “да-метафары” (комплекснага зместу архаічных вобразаў, паводле В.Фрэйдэнберг) да “чыстай” (паэтычнай).

Усё было б добра, калі б не здарылася н е ш т а.

Пасля таго, як гэтае н е ш т а адбылося, стала зразумела: метафара — не проста “самы прыгожы і ўжывальны з тропаў” (Марк Фабій КВінцільян) і зусім не пазнаваўчая памылка ў мове навуковага пазнання, як лічыў К.М.Тарбейн. Высветлілася, што яна — ключ да разумення асноў мыслення і працэсаў свядомасці; што нашае жыццё працякае ў свеце метафарычных паняццяў, а тыя каштоўнасці, што рэальна існуюць і глыбока ўкараніліся ў культуры, суадносяцца з метафарычнай сістэмай; што сама сусветная гісторыя — верагодна, гісторыя некалькіх метафар.

Абвяшчэнне метафары “адкрыццём закону ўніверсуму” (Х.Артэга-і-Гасэт) ператварыла яе ці не ў самы важкі аўтарытэт сучаснага свету, дзе, як вядома, адбываецца штосьці незразумелае і несумненна здарыцца штосьці агіднае.

Прадчуванне, чаканне змен абвастраецца, калі пачынаеш пільна ўзірацца ў “тут-быццё” нашай эпохі.

Б.Расэл бачыў у гісторыі філасофіі нейкую іерархію філасофскіх сістэм, кожная з якіх аднаўляе непазбежнае для гэтай гістарычнай эпохі пачуццё жыцця. Хоць Расэл лічыў, што згаданае “пачуццё жыцця” не падлягае ацэнцы (яно проста існуе), нельга не прызнаць, што нам яно трапілася дужа своеасаблівае. Нават калі меркаваць па тым, што сучасная філасофія — анархія дзіўных метафар.

Дж.Віко сцвярджаў: кожная эпоха канструюе свой міф — розніца толькі ў метафарах. Магчыма, менавіта спецыфічнасць сённяшніх метафар і абумоўлівае няўтульнасць сканструяванага міфа — вобразу рэчаіснасці, дзе адсутнічае матывацыя да жыцця, дзе развянчанне мае татальны характар, дзе антыподы выглядаюць аднолькава дзівакавата. На мой погляд, сутнасць сённяшняй метафары (як анталагічнай катэгорыі) раскрываецца праз своеасаблівую “дыялектыку трывогі”, прапанаваную тэолагам, філосафам Паўлем Ціліхам.

Існуе, паводле Ціліха, тры тыпы трывогі. Першы — трывога лёсу і смерці, другі — трывога пустэчы і бессэнсоўнасці (страта сэнсу), трэці — трывога віны і асуджэння. Тры тыпы трывогі, перажытыя ў сваёй максімальна напружанай форме, вядуць да адчаю. Але ў адчаі раскрываецца сутнасны стан чалавека, чыё жыццё ёсць пастаянным намаганнем пазбегнуць адчаю. Менавіта трывога штурхае нас да мужнасці самасцвярджэння, бо альтэрнатыва адна — адчай.