Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 203

Невядомы

Прыкладна праз дзевяць стагоддзяў пасля Анандавардханы італьянец Дж.Віко (1668—1744 гг.) канстатуе невычарпальнасць міфатворчага патэнцыялу метафары. Для яго метафара — маленькі міф, які з гэтага часу бярэ на сябе мадэлявальную функцыю, гарманізуючы па-свойму і тэксты, і быццё.

Калі паводле Арыстоцелевай логікі метафара — гэта замаскіраванае параўнанне, то з пункту гледжання Віканіянскай філасофіі ці псіхалогіі мовы метафара ёсць адметны тып экзістэнцыяльнай жыццядзейнасці (адметны тып светаўспрыняцця і светаразумення). На думку К.Жоля, гэтая “дыялектыка метафары” аказалася няўлоўнаю для філосафаў і моваведаў, аднак была даступная тэарэтыкам і практыкам рыторыкі. Ці не таму “новая рыторыка” адчувае сябе гэтак утульна ў разарванасці сённяшняга быцця, што своечасова зарыентавалася ў сітуацыі метадалагічнай разгубленасці? Дзеля таго, каб растлумачыць сутнасць змен, якія адбыліся з метафарай, варта звярнуцца да аналогіі.

Вядомы нямецкі фізік В.Гейзенберг лічыць, што для правільнага разумення светабудовы трэба адмовіцца ад паняцця “фундаментальная часціца” і замяніць яго паняццем “фундаментальнай сіметрыі”, ад якой залежыць спектр часціц ды іх узаемадзеянне. Паводле Гейзенберга, сучасная атамная фізіка фактычна выштурхнула прыродазнаўства з матэрыялістычнага шляху, па якім яно ішло ў ХІХ стагоддзі. У сучасных фізічных Тэорыях Вялікага Аб’яднання найдрабнейшыя адзінкі матэрыі з’яўляюцца не фізічнымі аб’ектамі ў звыклым разуменні, а формамі, структурамі ці ідэямі ў Платонавым сэнсе. Характарызуючы стан сучаснай фізікі, В.Гейзенберг мяркуе, што яна ажыццяўляе пераход ад прынцыпаў атаміста Дэмакрыта да прынцыпаў ідэаліста Платона (Гл.: Гейзенберг В. Шаги за горизонт. М., 1987).

Сучасныя гуманітарныя навукі імкнуцца вызваліцца ад уласцівага ім “антрапамарфізму” і набыць статус аб’ектыўных, дакладных, таму ажыццяўляюць пераход ад апісальна-эмпірычнага да абстрактна-тэарытычнага ўзроўню даследавання.

У гэтай сітуацыі метафара актуалізуецца не як рытарычны прыём (фундаментальная часціца), а як ідэя, спосаб структуравання, пераадолення хаатычнасці, фрагментарнасці жыццёвага матэрыялу — як “фундаментальная сіметрыя” ў разуменні Гейзенберга.

Мадэлявальная роля метафары асэнсоўваецца ў крыху нязвыклым аспекце. Бо сёння зразумела, што “метафара не толькі фарміруе ўяўленне пра аб’ект, але і прадвызначае спосаб і стыль мыслення пра яго” (Н.Аруцюнава).

М. Мінскі, аўтар тэорыі фрэймаў — сцэнарыяў, у чыім кантэксце вывучаюцца прадметныя і падзейныя аб’екты,— уводзіць у сваю сістэму аналогіі, заснаваныя на так званай ключавой метафары. Паводле Мінскага, ключавыя метафары прыкладваюць вобраз аднаго фрагменту рэчаіснасці да іншага яе фрагменту, і тым самым забяспечваюць ягоную канцэптуалізацыю па аналогіі з ужо ўсталяванай сістэмай паняццяў. М.Блэк, бясспрэчна, меў рацыю, калі сцвярджаў, што метафара менавіта стварае, а не выражае падабенства. Гэта палохае: мы быццам становімся палоннікамі метафары, чыя ісціннасць суіснуе з літаральнаю зманлівасцю. Перафразуючы выказванне К.Леві-Строса пра міф, можна сказаць, што не людзі думаюць метафарамі, а метафары самі думаюцца паміж сабою.