Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 202

Невядомы

***

Я разумею тых, хто не разумее прычыны трывогі, для каго метафара — усяго толькі троп, адзін з тропаў, штосьці, ужытае ў пераносным значэнні. Калі б Вільгельм Дыльтэй, заснавальнік школы “гісторыі духу”, не натрапіў на “труп” Арыстоцелевай паэтыкі ці, прынамсі, не абвясціў пра гэта на ўвесь свет, наколькі б меней складаным бачылася чалавецтву ўласнае быццё! Аднак Дыльтэй неадкладна паведаміў пра анархію, што панавала “на паэтычных абсягах ва ўсіх краінах” на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў; на ягоную думку, створаная Арыстоцелем паэтыка на той час ужо была мёртвай (Гл.: Дильтей В. Сила поэтического воображения. Начала поэтики //Зарубежная эстетика и теория литературы ХІХ—ХХ вв. Трактаты, статьи, эссе. М. 1987.).

Смерць гэтая сталася для тэорыі літаратуры падзеяй такога ж маштабу, як смерць багоў для філасофіі. Ды калі “быць чалавекам” здавалася непрыстойным напрыканцы ХХ стагоддзя, то разглядаць метафару ў якасці толькі “пераносу слова” лічылася вульгарным ужо напачатку XVIII стагоддзя, у часы Джамбаціста Віко. Ужо тады метафара пачала рыхтавацца да будучых трыумфаў.

***

Сёння сумуеш па метафары Арыстоцеля, які бачыў у ёй перанос слова са змяненнем значэння ці з роду на від, ці з віду на род, ці па аналогіі (у форме прапорцыі). Любая метафара, такім чынам, можа быць разгорнута ў параўнанне — усё проста ў гэтым трывіяльным свеце. Дарэчы, за колькі стагоддзяў да Стагірыта метафара — генератар адметнасці ці, прынамсі, неідэнтычнасці,— яўна раздражняла Канфуцыя, які ўвёў паняцце “выпраўлення (выпрамлення) імёнаў” (чжэн мін), якое, па сутнасці, было патрабаваннем дэметафарызацыі — ператварэння метафар (незвычайных слоў) у параўнанні (звычайныя, зразумелыя словы). Аднак ужо стагоддзі праз тры пасля Арыстоцеля метафара, дзякуючы Цыцэрону, зноў становіцца праблемаю, а не чымсьці дарэшты растлумачаным.

З таго часу праблема метафары паспела ператварыцца ў феномен. У немалой ступені гэтаму паспрыяла і тэорыя “дхвані”, выкладзеная індыйскім мысляром Анандавардханай у трактаце “Дхваньялока” (ІХ ст.): ён звяртаў увагу на здольнасць паэтычных выказванняў выяўляць (прасвятляць) штосьці, адрознае ад іхнага наўпроўставага значэння. Ужо ў ІХ стагоддзі паэтычная мова аналізуецца як “актыўная сіла, што фармуе і скіроўвае інтэлектуальную дзейнасць людзей” (К.Жоль). Пачатак анталагізацыі мовы звязаны не са структуралістамі, якія бачылі ў ёй медыума, што абумоўлівае магчымасць аб’ектыўных ведаў, спалучае ў сабе функцыі аб’екту і сродку пазнання, а таксама ўтрымлівае абгрунтаванне ўмоў, якія забяспечваюць самую магчымасць ведання. За тысячу год да іх Анандавардхана адчуў верагоднасць “пранікнення” тропаў у рэчы і нават ператварэння гэтых рэчаў пад уплывам мовы. У “Дхваньялоцы” прысутнічае своеасаблівая інтуіцыя пра будучую экспансію “імёнаў” у свет “рэчаў”.