Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 201

Невядомы

Бурачок — аб’ект інтэнсіўнай калянізацыі. Ён спрабуе заглыбіцца ў “зямлю”, схавацца. Багушэвіч імкнецца прыўзьняцца над “зямлёй”, заманіфэставаць беларускую ідэнтычнасьць, даць імя безназоўнай прасторы.

Бурачок існуе на паперы, на словах, у памежнай віртульна-рэальнай прасторы тэксту й каляніяльнай сытуацыі. Багушэвіч — паліглёт, ён ведае чатыры мовы і мову мастацтва, ён правакуе да выйсьця з гэтай сытуацыі.

Бурачок захоўвае табу, Багушэвіч іх разбурае. Ён разбурае іх дзеля выбудовы новага, нацыянальнага, а таму й непазьбежна антыкаляніяльнага праекту пад назовам “Беларусь”. І ў гэтым аўтар і ягоны наратар істотна не супадаюць. Але ці не праз гэтта несупадзеньне высільваецца сапраўдны сэнс ужо цытаваных словаў Багушэвіча: “пакуль я быў далёка ад радзімы і ад сваіх, хацеў, нібы таго біблійнага збаўленьня, быць тут, а сёньня ня бачу сваіх і шукаю іх ува ўспамінах. Што гэта? Дзе тое, чаго шукаў я, і дзе тыя берагі, за якія ня будзе сягаць туга?”

Апошнім часам шырака цытуецца фрагмэнт з “The Human Condіtіon” Ганны Арэндт, у якім — з апэляцыяй на антычную топіку — падкрэсьліваецца, што без валоданьня сваім домам чалавек ня ў стане ўзяць удзелу ў справах гэтага сьвету, бо ён не заняў у ім свайго собскага месца. Мацей Бурачок — гэта іста, якая ня мае свайго дому й, значыцца, свайго собскага месца ў сьвеце (бо сьвет насамрэч зьмяніўся: гэтта ўжо места-горад). Больш за тое, ён алергічны на ўсе новыя мадэрнізацыйныя рэаліі, г.зн. сам выціскае сябе зь места. Таму сялібамі вялікаліцьвінаў, перафразуючы Янку Станкевіча, ёсьць “мокрыя ямы”, “гнілыя вуглы”, “халодныя зямлянкі”; гэтаксама яны “людзі на балоце”. Мэтафарай згубы месца ёсьць “раскіданае гняздо” ў Купалы. Больш моцнай характарыстыкай гэтага стану рэчаў на мове філязофіі — рэцыдыў анталягічнай неўкарэненасьці.

Агульным месцам у бальшыні літаратуразнаўчых дасьледаваньняў, прысьвечаных той ці іншай постаці, бывае пытаньне пра ейнае значэньне. Багушэвіч (адразу вынесем за дужкі ўсе магчымыя азначэньні накшталт “геніяльны”, “выдатны”, “непераўзыдзены” etc., бо гаворка ішла не аб пачуцьцёвай ацэне, а аб пачатках рэфлексіі) стаў гісторыяй. Што ж да сёньняшняга беларускага культурніцкага кантэксту, дык значэньне Багушэвічавае творчасьці, разам з уласна эстэтычным, перадусім мабілізацыйнае.

1998 г.

Зона метафары

Я ведаю, што такое метафара, ды калі мяне просяць сфармуляваць яе азначэнне — я губляюся.

Дж. Кітс бачыў карысць грунтоўных ведаў у тым, што яны, акрамя іншага, ратуюць ад ліхаманкі “сачыніцельства”. На жаль, гэта не актуальна ў дачыненні да “ведаў пра метафару”. У апошнія дзесяцігоддзі мы аказаліся сведкамі сапраўднага буму “метафарафіліі”.

Зрэшты, “навукі пра дух” ужо даўно цяжарныя метафарай, якая сталася для іх і тэхнікаю (формай), і ідэалогіяй (зместам). Сёння ж метафара цікавіць і сферы, звернутыя да “мыслення, пазнання і свядомасці, да канцэптуальных сістэм, і, безумоўна, да мадэлявання штучнага інтэлекту” (Аруцюнова Н.Д. Метафора и дискурс//Теория метафоры. М., 1990. С. 6.). Варта ўгледзецца ў гэтага deus ex machina — раптам ён сапраўдны?