Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 200

Невядомы

ПРАНЦІШ БАГУШЭВІЧ І МАЦЕЙ БУРАЧОК

Багушэвіч — постаць несымэтрычная й навет загадкавая для беларускага літаратурнага кантэксту, яна літаральна вытыкаецца зь яго. Багушэвіч належаў да краёвай інтэлектуальнай эліты; як інтэлектуал, ён валодаў зусім іншым адукацыйным цэнзам, чымся ягоныя наступнікі — беларускія пісьменьнікі пачатку ХХ ст. Багушэвіч паходзіў зь літоўскае шляхты й быў на працягу ўсяго жыцьця непарыўна зьвязаны з гэтай шляхтай, ён быў і этнічна і культурна ліцьвінам у адвечным сэнсе гэтага слова.

Тое, што Багушэвіч быў мадэрністым — прынамся ў сьветаглядным вымеры — не патрабуе, відаць, адмысловых довадаў. Бо ў чым палягае мадэрнасьць, як ня ў форме імкненьня вынішчыць тое, што было раней, у надзеі, нарэшце, дайсьці да гэткага пункту, які можна назваць запраўды цяперашнім, пункту нараджэньня, якім пазначаецца новае падарожжа? У адным із сваіх лістоў Багушэвіч, з прыхаванай апэляцыяй да самога сябе, асьведчыць:

“Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху, альбо які нарадзіўся так, што яго “эпоха” не надыйдзе; які з гэтае прычыны змушаны ўсё жыцьцё быць у асаблівым змаганьні з той эпохай і з усім тым, што ёсьць у ёй...” (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 184.).

Утрата суб’ектам трансцэндэнтнага апірышча немінуча спараджае эфэкт канфлікту з рэальнасьцяй. Высілянасьць крыніцы абсалютнага сэнсу нагэтулькі прыгаломшвае суб’екта, што яго агортвае ілюзія вымкнёнасьці з прасторы, у якой перабывае сэнс, і, як насьледак, неадрозьненьня сэнсавых і нонсэнсавых формаў камунікацыйных інтэнцыяў. Паўстае стан траякай разгубленасьці суб’екта: першае — яму падаецца, што ён поўніцай паглынены гісторыяй, другое — ягоны маральны ідэал рассыпаецца на вачох, трэцяе — у яго зьяўляюцца сумлевы што да якасьці беспасярэдняга перажываньня цяперашняга мамэнту: “...нейкі дзіўны настрой прыгнятае мяне: пакуль я быў далёка ад радзімы і ад сваіх, хацеў, нібы таго біблійнага збаўленьня, быць тут, а сёньня ня бачу сваіх і шукаю іх ува ўспамінах. Што гэта? Дзе тое, чаго шукаў я, і дзе тыя берагі, за якія ня будзе сягаць туга? Скуль жа той незразумелы настрой душы, тое неспатольнае жаданьне чагосьці?.. Гэта павінна азначаць, што я ня ўмею жыць рэальнасьцю, але прызнацца ў гэтым не хачу! Д’ябал ведае, ці гэта брак творчай фантазіі ці яе выдаткі?” (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 182—183.).

Асымэтрычнасьць постаці Багушэвіча выяўляецца й у створаным ім вобразе Мацея Бурачка. Бурачок — ахвяра імпэрскага генія. Бурачок — гэта ніхто ў паўсталай калянізацыйнай сытуацыі, іста з нулявым сацыяльным статусам. Будучы ніхто, ён нэўратычна ўдае, што яго абдзіраюць, як ліпку. Іншае найменьне яму Аліндарка, што азначае: чалавек без імя. Гэты чалавек без імя ня столькі гаворыць, колькі буркоча, як стары дзед, квохча, крэкча, напаўсьпіць-напаўтрызьніць. Багушэвіч творыць нацыянальны тэкст як факт урбаністычнай культуры.