Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 199

Невядомы

Успрыняцьцё ж жыда лірычным суб’ектам зьдзіўляе сваёй неадназначнасьцяй. Яно ў вялікай меры настраёвае, кантэкстуальнае, сытуацыйнае, афэктыўнае. Багушэвічаў наратар чыста аглужджаны тым, што такая ж самая бяспраўная людзіна, як і ён, жыд можа дасягаць істотнага прасоўваньня па сацыяльнай лесьвіцы. Таму, назіраючы сацыяльны посьпех жыда, актуальны наратар прынучаны міжволі адмаўляць паставу зацятасьці й непрыйма, якую абслугоўваюць quasі-аргумэнты накшталт зьвінаваньня жыда ў ашуцы, празе нажывы, хрыстапрадаўстве etc., на карысьць паставы перайманьня надзвычай каштоўнага досьведу інтэрактыўнасьці й сацыяльнае мабільнасьці:

Добры жыд! Хоць грошы любе, А згубіць зусім — ня згубе. Каб такі нам пан зыскаўся, То б сьвятым ён называўся. (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 83)

МОЎНЫЯ ГУЛЬНІ

“In der Sprache berühren sich Erwartung und Erfüllung” (Wittgenstein L. Philosophical Investigations. Oxford, 1967. S. 131). Гэтае выказваньне Людвіга Вітгенштайна неўспадзеўкі высьведчвае сваю глыбіню ў зусім, здавалася б, нечаканай пэрспэктыве. Ідзецца пра зьдзейсьненую самым Багушэвічам ідэалягічную правакацыю: дзеля яго й пасьля яго беларускі нацыяналізм стаецца pаr exellence моўным. Можна пайсьці далей і сьцьвердзіць, што аўтарам “Дудкі беларускай” у падтэксьце былі сфармуляваны тры субстанцыйныя вэктары антыкаляніяльнага мысьленьня, на якія пасьля так ці інакш абапіраццамуць за рэдкім выняткам усе “беларускія” нацыяналістычныя практыкі: (1) спадкаемнасьць/пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім; (2) каталіцкасьць (якая ў мякчэйшых рэалізацыях можа трансфармавацца проста ў непрыняцьцё, ці навет адмаўленьне маскоўскага праваслаўя з усімі вынікальнымі згэтуль насьледкамі); (3) мова (якая, гэткім парадкам, стаецца базысам нацыянальнага дыскурсу, своеасаблівай ідэалягічнай бацькаўшчынай).

Тэма мовы, барацьбы за мову, фікцыі мовы ў ХХ ст. набыла й мэтафізычнае гучаньне — згадаем, напрыклад, інсьпіраваную Ж.Дэрыдом “бітву за мову” (“Gemetzel an der Sprache”, “carnage de langue” (Derrida J. Randgдnge der Philosophie. Wien, 1988. S. 315). Не паспыталіся, адылі, жаднага адіначаньня тэзы, што, першае, “a monumentalіty alіen to the spoken language” і, другое, “wrіtіng іs a petrіfіed language that lіves an іndependent lіfe”.

Такім чынам, у гістарычным вымеры мова (“першапаэзія народу”, словамі Гайдэгера) была аснаватворным складнікам паноўных дзяржаўных ідэалёгій. Таму так часта ў гісторыі беларускае слова ўспрымалася як антыўрадавае. Гэткая тэндэнцыя пракідаецца ўжо ў Лява Сапегі зь ягоным лятэнтным супрацівам цэнтралізатарскім памкненьням польскай кіраўнічай эліты. Пік жа зьявы назіраецца ў ХІХ ст. — дастаткова прыгадаць, які выбуховы запал неслі ў сабе “Мужыцкая праўда” Каліноўскага або паэтычныя творы Багушэвіча. Добры прыклад такой сытуацыі дае пачатак ХХ ст. і тыя рэдкія мамэнты, калі беларускае слова вырывалася з-пад імпэрскага кантролю ў другой палове ХХ ст.