Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 198

Невядомы

Вось жа, парогавы стан фармуе не пазытыўную, а нэгатыўную этнічную ідэнтыфікацыю суб’екту: ён ужо не паляк—маскаль—жыд—немец (цікава, што жмудзінаў, адных з продкаў сучасных летувісаў, для Мацея Бурачка як бы агулам не існуе, дарма што ён — насельнік паўзьмежжа, дзе сутыкаюцца перадусім беларуская й летувіская, кажучы сучаснымі тэрмінамі, этнакультурныя стыхіі; парадокс сытуацыі, магчыма, у тым, што для жмудзіна ён сам спантанны, калі так можна сказаць, калянізатар, што імпліцытна артыкулюецца ў формуле нашае народнае мудрасьці: На Жмудзі й куры людзі, але яшчэ не “беларус”. Ня выключана, што беларусам менавіта яму, Мацею Бурачку, так ніколі й не наканавана будзе стацца — тыя мясьціны, спасярод якіх праходзіць жыцьцё лірычнага суб’екту, Вільня, Рыконі, Кіяны — цяпер ня маюць фактычна нічога супольнага зь беларускасьцяй.

Этнічная палітра толькі гэтым, аднак, не высіляецца. Разгляданы корпус тэкстаў даносіць да нас паказальныя характарыстыкі іншанацыянальнае прысутнасьці ў прыроджаных прасьцягах асяленьня “беларуса”. Маскаль, напрыклад, абачаны вачыма лірычнага суб’екту,— гэта агрэсіўная іста, якая нярэдка прыносіць з сабой ліха (прыгадаем народнае: з маскалём дружы, але камень за пазухай дзяржы). Наратар Багушэвіча троху лякаецца маскаля:

Маскалі ж у вёсцы яшчэ не паснулі, Праляці ж, кабыла, каб яны ня чулі! (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 35)

Не такія ўжо й даўгія, але дужа інтэнсіўныя ўзаеміны з маскалём навучылі, што яго валей абыходзіць стараной (відаць, не выпадкова, што калі для беларуса людзёў сьвет, то для маскаля людей тьма). Сутыкненьне ж з маскалём немінуча вястуе глум а зьдзірства:

А маскалі цягнуць мяне, як сабакі. Білі, білі ў плечы, пацягнулі гдзесьці... (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 79)

Раўнейшае стаўленьне назіраецца да паляка. Сам зь сябе ён фігуруе рэдка, таму што ў сьведамасьці лірычнага суб’екту ўсё яшчэ захоўваюцца рудымэнты даўнейшае схемы гіерархічнае стратыфікацыі Рэчы Паспалітай: калі для яго паляк — гэта “пан”, то для паляка ён — “мужык”:

Давялося ж і мне быць на велькім судзе, На акружным судзе, гдзе усе ў грамадзе: Мужыкі і паны, маскалі і жыды... (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 24)

Ня столькі ад “пана” церпіць лірычны суб’ект, колькі ад рэпрэсіўнага апарату расейскай каляніяльнай адміністрацыі й ягоных ананімных інстытуцыяў. Дый сам “пан” у гэтым кантэксьце набывае ня толькі сацыяльную, але й нацыянальную дыстанцыю. Зрэшты, сытуацыя борзда адмянялася — расейская каляніяльная палітыка пасьля здушэньня паўстаньня 1863 г. прадугледжвала, як ведама, карныя захады й у дачыненьні да абшарнікаў з карэнным паходжаньнем, так што ў Заходняй Беларусі канца ХІХ стагодзьдзя абшарніцкія землі пераходзілі ў расейскую собскасьць. Таму “пан” у Багушэвічава наратара — участых сынонім іншамоўнага калянізатара й дэнацыяналізатара, уладальніка зайздросных дабротаў сьвету, валадара гэтай паняволенай зямлі, або ягонага памагатага зь мясцовых рэнэгатаў. Стаць “панам” азначае перастаць быць самым сабой, зрадзіць запаветы свае зямлі.