Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 197

Невядомы

Беларусь была краінай ня толькі “запозьненай”, але і актыўна калянізаванай, і таму тут памер нацыянальнае трагедыі (што паказвае фактура Багушэвічавага твору) набыла мадэрнізацыя ў абсягу сацыяльнае сыстэмы. Яна азначала, што сацыяльныя групы адасабляюцца ад сваяцкіх (якія ўлучаюць усе іхныя функцыі, дарма што яшчэ й не артыкулююцца залежна ад пэўнай функцыі й складаюцца з блізкароднасных хаўрусаў) і гуртуюцца ў функцыянальна артыкуляваныя дамэтныя калектывы, далей, што функцыянальныя артыкуляцыі, унівэрсалізм, інструмэнтальны рацыяналізм etc. паступова інстытуталізуюцца, ператвараючы рэгіянальную супольнасьць з замкнёнай селавой грамады ў адкрытае высака урбанізаванае рэгіянальнае грамадзтва.

Вось жа мадэрнізацыя беспасярэдне закранае пяць базавых абсягаў кажнага грамадзтва: (1) сям’ю, (2) рэгіянальную супольнасьць, а наймя сёлы а месты, (3) калектыў, (4) сацыяльныя столкі, (5) нацыю й міжнацыянальныя дачыненьні. Таму мадэрнізацыю ў сацыяльным вымеры належыць разглядаць як (1) мадэрнізацыю сям’і і як структурную зьмену ад патрыярхальнай да традыцыйнай “мадэрнай” сям’і; (2) мадэрнізацыю сёлаў а местаў як зьмяншэньне селавых элемэнтаў у сёлах і павелічэньне месцкіх у местах; (3) мадэрнізацыю калектыву як працэс, падчас якога ён усё больш адасабляецца ад сям’і й свайні й удасканальваецца ў бок дамэтнай арганізацыі; (4) мадэрнізацыю сацыяльных столак у сэнсе новых формаў аплаты працы, што пры вызначэньні пазыцыі індывіда ўсярэдзіне калектыву пачынае выконваць усё важнейшую ролю ў сэнсе ўзьнікненьня дынамікі няроўнасьці паміж размавітымі сацыяльнымі столкамі й у сэнсе павелічэньня сацыяльнае мабільнасьці; (5) мадэрнізацыі дзяржавы як суцэльнага працэсу, пры якім гістарычна ўзьніклая супольнасьць, што валодае большым ці меншым ступенем этнакультурнае й моўнае гамагеннасьці, імкнецца ініцыяваць заснаваньне собскае нацыянальнае дзяржавы.

НА ПАРОЗЕ “ЭТНА–КУЛЬТУРНАЕ МАДЭРНІЗАЦЫІ”

Беспамылкова ўхопліваючы сымптомы сучаснасьці, Багушэвіч заразом намагаўся не адступаць ад праўды жыцьця. Гэткая праўда жыцьця была ў тым, што стан этнічнае самасьвядомасьці актуальнага лірычнага суб’екту быў парогавы. Гэта азначае, што, напрыклад, Мацей Бурачок быў ужо не ліцьвінам, але яшчэ не “беларусам”: ён быў тутэйшым. Азначэньне “тутэйшы” становіць сабой сярэдняе вязьмо ў гэтым ланцугу кансэквэнтнае этнакультурнае трансфармацыі (ліцьвін—тутэйшы—”беларус”). У “тутэйшым”, выходзячы з дадзенага гарызонту досьведу, “памёр” ужо ліцьвін, але яшчэ “не нарадзіўся” “беларус”.

“Беларусь”, “беларусы” што да Багушэвічавага наратара існуюць не ў сынхраніі, а ў дыяхраніі, для яго гэтая справа пакуль не стаіць на парадку дня. Прычым, адсутнічае сам імпэратыў ападыктычнага ператварэньня “тутэйшага” ў “беларуса” й застаецца надзвычай істотная магчымасьць пярэйсьця “з тутэйшага ды ў палякі!”. Больш за тое, наратар Багушэвіча насамрэч нічога ня ведае аб “Беларусі”. “Беларусь” для яго — нешта абсалютна непрадметнае, таму што яна знаходзіцца ў поўнай кампэтэнцыі аўтара, місія якога й палягае, за вялікім рахункам, у прапагандаваньні міту “Беларусь” як аднэй з мадэляў магчымае рэальнасьці.