Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 196

Невядомы

Гэтая дактрына выходзіла з таго, што толькі ў Заходняй Эўропе мадэрнізацыя ў сваім іманэнтным разьвіцьці дасягла вяршыні. Таму ў якасьці галоўных адзнакаў мадэрнізаванага грамадзтва яна прапанавала зьявы, тыповыя для заходнеэўрапейскага грамадзтва. Яна прынцыпова абапіралася на атаесамленьне мадэрнізацыі й эўрапеізацыі.

(2) Мадэрнізацыя=канцавая мэта чалавецтва

Гэтая дактрына выходзіла з таго, што грамадзкі тып, які рэпрэзэнтуюць сучасныя заходнеэўрапейскія грамадзтвы, дасяг найвышэйшае стадыі чалавечай эвалюцыі. Гэты грамадзкі тып у агляднай будучыні мусіць стаць адзінай канцавой мэтай чалавецтва. Гэтая вера ў заходнеэўрапейскую мадэрнізацыю як канцавую мэту гісторыі йзноў узмацнілася з заняпадам сацыялістычнае сыстэмы ўва Ўсходняй Эўропе.

Чаму Ф.Фукуяма з сваёй тэзай пра канец гісторыі раптоўна стаўся ўсясьветнаведамым? Таму што ён зьінтэрпрэтаваў разьвязаньне сацыялізму ва Ўсходняй Эўропе ня толькі як перамогу капіталізму, але й выснаваў згэтуль канец гісторыі: чалавецтва даволі пераконвалася ў тым, што няма лепшага грамадзтва за заходнеэўрапейскае, і загэтым ужо дасягнутая канцавая мэта гісторыі.

(3) Неэўрапейская (пэрыфэрыйна эўрапейская) традыцыя=дамадэрнасьць

Зыходзячы з гэтае пэрспэктывы, пазазаходнеэўрапейскія грамадзтвы разглядаюцца ня толькі як чужародныя на сынхронным роўні, але адначасна як асталыя. Чым больш адчужаны грамадзкі тып пэўнае краіны ад заходнеэўрапейскае мадэлі сучаснага грамадзтва, тым больш ён павінен, згодна з гэтай дактрынай, аставацца ад найвышэйшае стадыі мадэрну. Неэўрапейскае (пэрыфэрыйна эўрапейскае) як дамадэрнасьць і ўласна эўрапейскае як мадэрн мусяць супярэчыць адно аднаму. Таму пры мадэрнізацыі мову трэба весьці пра баржджэйшае альбо павальнейшае зьнікненьне першага, неэўрапейскага, і гэтаксама пра баржджэйшае або павальнейшае пашырэньне другога, заходнеэўрапейскага.

(4) Неперасягальнасьць эўрапейскага мадэрну

Згодна з памянёнай дактрынай, заходнеэўрапейскае грамадзтва вытварыла для разьвіцьця й эфэктыўнага функцыяваньня капіталістычнае гаспадарчае сыстэмы аптымальныя варункі й у будучыні запрапануе капіталізму найлепшую глебу. Неэўрапейскія краіны ня змогуць, згодна з тэорыяй мадэрнізацыі, правесьці індустрыялізацыю й забясьпечыць разьвіцьцё капіталістычнае гаспадарчае сыстэмы, калі яны не правядуць ува ўсіх галінах грамадзтва эўрапеізацыі.

Зь цягам часу, аднак, некаторыя з вышменаваных пастулятаў былі зьняпраўджаны або, прынамсі, моцна пахісьнены. Пераадоленьне аднабаковасьці ўсёй канцэпцыі адбывалася за кошт гранічнай увагі да лякальных адметнасьцяў, якія, як выявілася пасьля, могуць мець унівэрсальнае значэньне для разгляду ўсясьветна-гістарычнага пашырэньня эўрапейскага мадэрну (ход ідзе, рэч ясная, пра гістарыязафічнае, а не храналягічнае разуменьне мадэрну). У выніку было вылучана паймо запозьненага не(заходне)эўрапейскага грамадзтва (nachkommende (spätentwickelte) außer(west)europäische Gesellschaft) із сваім пералікам адметных рысаў.

Мадэрнізацыя ў Заходняй Эўропе пачыналася з сацыяльнае мадэрнізацыі (г.зн. ізь зьнікненьня клянавае сыстэмы й уздыму самакіраваных местаў) і з культурнае мадэрнізацыі (г.зн. з Рэнэсансу й Рэфармацыі). Палітычная мадэрнізацыя (г.зн. буржуазная рэвалюцыя) адбывалася адно пасьля, а эканамічная мадэрнізацыя (г.зн. індустрыйная рэвалюцыя) была апошнім вязьмом у гэтым ланцугу.