Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 195

Невядомы

Нашыя калянізатары дагэтуль ходзяць па нас.

“Суд” ува ўяўленьні наратара — інстанцыя значна больш жудасная, чымся “пан”. “Суд” як яшчэ адзін мэханізм нацыянальнага й сацыяльнага прыгнёту ўзбуджае страх і толькі ўвыпукляе прынесеную людзіне крыўду. Каб падкрэсьліць маштаб праблемы, варта, відаць, сфармуляваць гэта больш жорстка й больш выяўна: Масква чыніць няпраўдны суд, які ня мае нічога супольнага з правасудзьдзем, яна асуджае індывіда на поўнае беспрасьвецьце, на глум, і, наапошку, зьняпраўджвае а зглумляе сьвятую праўду нашае зямлі. Тэлеалягічна закладзеная мэта такога “суду” — прыгнобіць ня толькі самога індывіда, але й ягоны дух.

ПРЫНЦЫП МАДЭРНІЗАЦЫІ

Глядзі! горы паразрыты, А чыгункай сьвет абвіты Ўсё з мужыцкай цяжкай працы, Усе едуць у палацы... (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 21)

Тое, што перад намі нэрвовая рэакцыя лірычнага суб’екту на працэс мадэрнізацыі (якая, нягледзячы на ўсё, азначала крытычнае зрушэньне сытуацыі зь мёртвага пункту), не павінна выклікаць сумлеву. Сумлеў можа спрычыняць ступень паразрытасьці беларускіх гораў, з аднаго боку, і недастатковая разробленасьць пайма мадэрнізацыі ў адумысьля беларускім кантэксьце, з іншага. Гэта й стварае легітымацыю для нашага пытаньня пра мадэрнізацыю ў цэлым: у чым сэнс мадэрнізацыі?

Як падкрэсьліваў яшчэ Макс Вэбэр, капіталізм можа ўзьнікці толькі на заходнеэўрапейскай глебе, бо для свайго эфэктыўнага функцыяваньня ён патрабуе яшчэ цэлага шэрагу як матар’яльных, так і духовых перадумоваў, вытварыць якія на подзе свае собскае гістарычнае традыцыі быў у змозе толькі Захад.

Тым самым у значнай меры быў закладзены падмурак пад паноўную яшчэ 10—20 гг. таму ў заходнім сацыялягічным дыскурсе дактрыну мадэрнізацыі, якая праграмна выходзіла з г.зв. эўра-ўнівэрсалістычнага гледзішча: з парадыгмы атаесамленьня мадэрнізацыі й эўрапеізацыі (зразуметай баржджэй у якасьці вэстэрнізацыі), згодна зь якой дзейсная мадэрнізацыя можа адбыцца толькі ў Заходняй Эўропе, тымчасам як незаходнеэўрапейскія краіны могуць зьдзейсьніць адно толькі недасканалую мадэрнізацыю, недамадэрнізацыю.

Ключавымі для гэтай дактрыны былі наступныя мамэнты (гэтта й далей мы паклікаемся на Tairako T. Die Modernisierung Japans und die Modifikation der Tradition. Kritik an Tominagas “Modernisierungstheorie” // Mesotes. 1992. № 3.):

(1) мадэрнізацыя=эўрапеізацыя (вэстэрнізацыя)