Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 194

Невядомы

Такім чынам, у першай топіцы “праўда” ў ісьце ёсьць субстытутам аўтэнтычнай сыстэмы вартасьцяў, аўтэнтычнага прадустаноўленага Богам экзыстэнцыйнага парадку, ня зглумленага імпэрскім геніем.

З іншага боку, “праўда”, гэтае, паводле Гаека, “небясьпечнае слова”, існуе не ізалявана, а толькі ў апазыцыі праўда/крыўда (у раньняга Купалы гэты мамэнт артыкулюецца зьлёгку алягічна: ягоныя хрэстаматыйныя “беларусы”, безумоўна, ідучы ў пошуку праўды, нясуць на плячох ... крыўду). “Шуканьне праўды” імплікуе нутраны дысананс суб’екту, які перарастае ў афэкт глыбокай укрыўджанасьці. — Шукаючы праўды, людзіна крыўдуе. Крыўда спараджае інфэрнальнае кола пакут: апатэозам “мучэньня за праўду” ёсьць мамэнт зыходу лірычнага суб’екту з гэтага сьвету ў сьвет тагабочны й яго памыснае вяртаньне назад (“Быў у чысцы!”).

Гэты апакрыфічны матыў беззаганна фіксуе, што ў канцавым выніку “праўдашукальніцтва” абяртаецца нэўрозам, абсэсіяй. Фактар абсэсіі вычуваецца ня толькі ў тым, што ў кажным акце “праўды” суб’ект імкнецца дасягчы свайго ўкараненьня ў жыцьці, але й нэўратычнай разьдзьмутасьці пачуцьцяў, у нечуванай сіле экзальтацыі. Таксама гэтаму заўдзячваецца цікавы ў мастацкім пляне эфэкт: гранічная зыркасьць паэтычнага малюнку, абапёртая на ўвыразьненьні кантрасту паміж нормай (гіпэрнармальнасьцяй) — “праўдай” — і адхіленьнем — “крыўдай”, (узусам і яго парушэньнем, абсалютным плюсам і абсалютным мінусам):

Гэты хлеба і ня знае Толькі мяса ды пірог, І сабакам выкідае Усё тое, што ня змог. А той хлеб жуе зь мякінкай, Хлёбча квас і лебяду, Разам жывець і есьць са сьвінкай, З канём разам п’ець ваду! (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 39)

Арыгінальная мастацкасьць Багушэвічавай паэзіі якраз і выплывае ў значнай меры з таго размаху трагічнае напятасьці, якой ня ведала ўся дагэтулешняя літаратура (ці, словамі Адама Бабарэкі, літаратура дабагушэвіцкага кругабегу). Тое, што гэта запраўды так, ускосна сыгналізуецца ва ўжо зацытаваных кагадзе радкох: “Эх, скручу я дудку! // Такое (вылучана намі.— В.Б.) зайграю...”

Каляніяльны рэжым прынёс сюды й расейскае этнічнае вычуцьцё закону, суду й парадку. Разам з “праўдай” яны фармуюць “праўную” парадыгму, надзвычай істотную для працэдуры далейшае канцэптуалізацыі ўжо хаця б з тэй прычыны, што гэтая топіка так ці інакш закранаецца ў ладнай колькасьці Багушэвічавых твораў (“У судзе”, “У вастрозе”, “Кепска будзе”, “Скацінная апека” etc.).

У эўрапейскай мэтафізыцы Новага часу традыцыйна вылучалася некалькі адменаў закону — натуральны, маральны, боскі, людзкі й г.д. У адваротнасьць ад гэтага, закон, накінены Масквой, ненатуральны, немаральны, нябоскі й нялюдзкі, бо ён накіраваны не на ўстанаўленьне справядлівасьці, а на яе рэлятывізацыю.

На думку Макса Вэбэра, легітымнасьць парадку можа гарантавацца толькі ўнутрана: першае, чыста афэктыўна — эмацыйнай адданасьцяй; другое — вартасна-рацыянальна, верай у абсалютную значэннасьць парадку; і, трэцяе, рэлігійна — верай ува ўзалежненасьць найвышэйшых цнотаў ад гэтага парадку. Лёгіка сацыяльных паводзінаў наратара Багушэвіча вымоўна сьведчыць аб тым, што ўсе тры вышэйпамянёныя пункты супоўна ірэлевантныя ў дадзеным кантэксьце. Для актуальнага наратара існы парадак адназначна нелегітымны, супрацьпраўны, таму што ён, будучы адным зь дзейсных інструмэнтаў каляніяльнай экспаніі, мае наўвеце дэгуманізацыю як традыцыйных супольнасьцяў, так і асобных індывідаў.