Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 193

Невядомы

Жыд панам зрабіўся, немец яшчэ большы, А мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы! (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 33)

Чаму Багушэвічаў наратар так катэгарычна гэтаму супрацьстаіць? Таму, відаць, што гэта ягоная арганічная пазыцыя: ён інстынктыўна, сваім нутром, адчувае, што “мадэрнізацыя” для ягонае старонкі маніфэстуе, апрача зглумленьня традыцыйнае сыстэмы вартасьцяў, адно новую ступень калянізацыі, яшчэ большую ўзалежненасьць ад імпэрскага цэнтру.

Сам Багушэвіч імкнуўся ўжыцьцявіць лякалізацыю вэрбальнага эквіваленту прасторавых дадзенасьцяў, або, інакш кажучы, зьдзейсьніць рэдукцыю прасторавых дадзенасьцяў да іхнага вэрбальнага эквіваленту. Бо прастора гула, і сказаць слова быў труд. І кажнае слова, кажны радок, напісаны па-беларуску, быў на вагу золата.

ПРАЎДА Й КРЫЎДА

Праз вышэйпамянёную калізію раней ці пазьней даводзілася праходзіць кажнай эўрапейскай культуры. У ХІХ ст. беларускае мысьленьне вучыцца вымаўляць. Няма дзіва, што ў гэткім кантэксьце аўтаматычна гіпастазуецца само паймо літаратуры — яна набывае канатацыі агульнанацыянальнага праекту, акумулятара ўсіх без вынятку праяваў нацыянальнага духу.

Тымчасам як Багушэвіч заняты вырабленьнем адаптацыйных мэханізмаў новым мадэрнісцкім выклікам, ягоны наратар стаіць у супраціве “мадэрнізацыі” ў цэлым і каляніяльнай экспансіі ўпаасобку. Апрача гэтага, ён шукае “праўды”. Калі мы стаўляем сабе за мэту інтэграваць — угарнуць — факты Багушэвічавага паэтычнага ўнівэрсуму ў цэльны абраз літаратурнага працэсу на Беларусі канца ХІХ ст., архетып “праўды” павінен быць разгледжаны неадкладна.

Найперш кідаецца на вочы ягоная дыхатамічная прырода. З аднаго боку, “праўда” гэтта — ня што іншае, як мэтафара натуральнага ладу, калі “наша зямліца — Беларусь!— як тое зярно ў гарэху, была ўсярэдзіне Літвы”. Зьнікненьне зразуметай такім чынам праўды сымбалізуе пачатак нэгатыўных ператварэньняў, зьвязаных як з аўтаідэнтыфікацыяй суб’екту, так і з прасьцягам ягонага асяленьня. Выточным пунктам у “шуканьні праўды” бывае мамэнт, калі зьняпраўджваецца натуральная аўтаномія суб’екту. Для рэфлексіі Сымоны Вэй гэты мамэнт, хаця й пераасэнсаваны адумысьля, таксама ключавы: праўда, на ейную думку, гэта сувэрэннасьць сувэрэннасьці. Таму няма нічога вышэйшага ад праўды. Нямоглы можа прыраўнацца да магутнага за дапамогай праўды, нібы за дапамогай царскага распараджэньня (Weil S. L’Enracinement. Paris, 1990. P. 360).

“Праўда” азначае стан прыроджанае раўнавагі духовага й матар’яльнага пачаткаў, вынішчэньне ж “праўды” — факт ейнае нябытнасьці — сьведчыць разбалянсаванасьць традыцыйных узаемінаў паміж імі, глябальную перамогу сілы, усілства: “праўда” даецца Богам і адно Бог у разе ейнага выніштажэньня можа задбаць аб яе вяртаньні. Гэты трансцэндэнтны сюжэт у сваім часе так узрушыў Алеся Разанава, аўтара бліскучага эсэю “Скрыжаваньне Францішка Багушэвіча”:

Пасылаў Ты Сына, Яго не пазналі, Мучылі за праўду, сілай паканалі; Пайшлі ж цяпер Духа, да пашлі бязь цела, Каб уся зямелька адну праўду мела! (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 30)