Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 192

Невядомы

У гэтай сувязі паказальна, што сваё непрыняцьцё места наратар Багушэвіча якраз і выясьняе стратай пачуцьця нарматыўнай — як яму здаецца — сацыяльнай стратыфікацыі й нацыянальнага балянсу, што знаходзіць выражэньне як у прымусовай зьмене стандартнай схемы паводзінаў, так і ў разбурэньні стэрэатыпаў сацыяльнае мабільнасьці:

Наш брат як увойдзе,— сам сябе баіцца: Ці ісьці бяз шапкі, ці гдзе пакланіцца? Дык надта ж і стыдна, каб не памыліцца: Пакланіцца немцу ці якому жыду! Няхай яго сточа — набярэшся стыду; Няхай лепей з дому я той дзень ня выйду. А пазнаць жа трудна як жыда, як немца, Як пана якога ці там чужаземца. (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 32)

Выкладзеныя вышэй перадумовы адно паглыблялі меру сацыяльнай адчужанасьці паміж актуальным суб’ектам і урбаністычнай аглямэрацыяй. У канцавым выніку гэта прадукавала своеасаблівы кітайскі мур паміж местам а сялом: прапусткай у месцкую цывілізацыю для кажнага без вынятку селавога жыхара было траўматычнае зглумленьне базавых падставаў ягонага сьветагляду, і перадусім ягонага моўнага сьветагляду, калі так можна сказаць, рытуальнае вырачэньне свайго карэньня.

Сымптаматычна, што стаўленьне самога Багушэвіча й ягонага наратара да гэткага урбаністычнага праекту, як Вільня fin de siйcle, у якой намінальна пануе расейская нацыякультурная стыхія: згадаем радкі расейскага клясыка Цютчава “Над русской Вильной стародавной // Родные теплятся кресты — // И звоном меди православной // Все огласились высоты”. (Тютчев Ф. Полное собрание стихотворений. Ленинград, 1987. С. 254.), хоць і ня цалкам, але супадае: сам Багушэвіч, як выяўляецца зь ягонага ліставаньня, дужа нудзіцца ў Вільні, у гэтым месьце ён не знаходзіць сабе месца, ён прагне адсюль уцячы й пераехаць, напрыклад, у Люблін (гэты, здавалася б, ірацыянальны выбар запатрабуе, тым ня менш, у будучым асобнага разгляду).

Парадокс “мадэрнізацыі” (успрынятай так, як яе ўспрымае лірычны суб’ект Багушэвіча,— выклік усяму традыцыйнаму экзыстэнцыйнаму ладу) у прыўнесеным ёй кірунку сацыяльнага часу, што, з пункту гледжаньня актуальнага наратара, азначае адназначнае ліха. Таму якраз эксцэсамі “мадэрнізацыі” (і перадусім мадэрнізацыі расейска-калянізацыйнай) у канцавым выніку тлумачыцца збурэньне адвечных сямейных вузаў:

Маіх шэсьць сыночкаў — здаецца, ці мала? Усе разыйшліся!— Адзін у наборы, Адзін пайшоў прочкі, за чорныя моры, Адзін за Дунаем заўсім асядліўся, Адзін у Сыбіры — з старшынёй пабіўся; Пяты на пісарстве гдзесь у Патарбурку, Кінулі ў хаце вот крывога Юрку!.. (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 35)

Больш за тое, “мадэрнізацыя” пагражае таксама ўстаноўленаму спрадвеку абразу сьвету, яна зводзіць на глум сам сацыяльны кантынуум, прынятыя ў ім этнакультурныя ролі й балянс сілаў: