Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 191

Невядомы

Зразуметы гэдак, фэномэн дысанансу азначаў насамрэч расколіну ў інтэграванай сьведамасьці індывіду, у цэльным абразе сьвету. Запраўднасьць быццам распалася на безьліч аскепкаў, але ўзьнікла, тым ня менш, магчымасьць выбудаваць з гэтых аскепкаў зусім новую мазаіку. Сама надцятая тоеснасьць суб’екту прычынялася да правакаваньня фэномэну дысанансу. А яго музычнай прыродай адно ўвыразьнялася прытомнасьць у ім аганальнага пачатку.

Наступная справа. У Кантавай “Крытыцы здольнасьці меркаваньня” значыцца пасаж, згодна зь якім музыцы свомая “нястача урбаністычнасьці” (“Mangel der Urbanität”) (Kant I. Kritik der Urteilskraft, Akademie-Ausgabe, Bd.5. Berlin, 1913. S. 330). Гэтая — вылучаная спэкулятыўным шляхам — свомасьць музычнага знаходзіць сваё эмпірычнае пацьверджаньне ў аналізаваным корпусе тэкстаў:

Не люблю я места (па-расейску — горад). Надта там цяснота і вялікі сморад. А паноў як маку ды сярод гароду, Апроч таго пропасьць рознага народу! (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 32)

Чаму места правакуе гэткую антыпатыю ў актуальнага лірычнага суб’екту? Больш за тое, чаму места ператварылася ў існасьці ў выклік для традыцыйнай аўтахтоннай культуры?

У эсэі “Пакаленьні аднаго места” Жака Дэрыды зьмешчаны ланцуг развагаў, свайго роду інтэлектуальны інструмэнтар, які можа быць выкарыстаны й у дадзеным выпадку. Ідучы ў рэчышчы дэ-рэ-канструкцыі места, аўтар эсэю мяркуе, што кажны урбаністычны праект падпарадкоўваецца прынцыпам своеасаблівай граматыкі, якія ня маюць нічога супольнага з прынцыпамі агульнапрынятай рацыянальнасьці. Першая цяжкасьць, зь якой заўсёды сутыкалася традыцыйнае места, гэта праблема мяшаньня моваў — часам навет гіпэрбалічнага супараваньня чысьленых моваў. Зразуметая так, фігура места ўвасабляецца ў выбудове абсалютнае вежы, у празьмернасьці, у безьлічы гаворак, перакладнікаў і нацыяў, і ў пэрманэнтнай вайне паміж гэтым усім. Апатэозам такога места было татальнае места, месцкая аглямэрацыя, мэтраполія, polіs ці навет acropolіs.

Свой ня менш пераканальны выклад разгляданай тапалягічнай адзінкі прапануе сэміётыка. “Места як складаны сэміятычны мэханізм, генэратар культуры,— зазначае Юры Лотман — уяўляе сабой кацёл тэкстаў і кадоў, рознаўпарадкаваных і гетэрагенных, прыналежных да розных моваў і розных роўняў. Акурат прынцыповы сэміятычны поліглятызм кажнага места робіць яго полем разнастайных і ў іншых варунках немагчымых сэміятычных калізіяў. Рэалізуючы стыкаваньне размавітых нацыянальных, сацыяльных, стылёвых кадоў і тэкстаў, места ўжыцьцяўляе разнастайныя гібрыдызацыі, перакадаваньні, сэміятычныя пераклады, што ператвараюць яго ў магутны генэратар новай інфармацыі” (Лотман Ю. Избранные статьи в трёх томах. Том ІІ. Статьи по истории русской литературы XVІІІ—первой половины XІX века. Таллинн, 1992. С. 13—14.).