Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 190

Невядомы

Няма дзіва, што ўсе больш-менш прыкметныя функцыянэры беларускае культурнае прасторы ў ХХ ст. якраз і займаліся рэкультывацыяй гэтае страчанае (патрачанае) сакралізаванасьці — ад Янкі Купалы й Вацлава Ластоўскага паўзь Янку Станкевіча й Антона Адамовіча й да Алеся Разанава. Таму што — як мы сказалі — адно гэткая культура, якая нясе ў сабе патас загадкавасьці, таямнічасьці, невытлумачанасьці можа набываць сацыяльную значнасьць.

І тое, што антырасейская тэма наўпрост (падкрэсьліваем: наўпрост, экспліцытна) не артыкулюецца ў лірыцы Багушэвіча, тлумачыцца, магчыма, ня толькі ягонай унівэрсальнай паэтычнай праграмай, але й тым, што да яго фактычна ўсё было ўжо сказана — публіцыстычна завойстрана Кастусём Каліноўскім (народзе, ...тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе!), па-мастацку пранікнёна Ўладзіславам Сыракомлем:

Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль. Зямля ты наша, зямля ты сьвятая, Радзі нам збожжа ды судзі пажаць,— Ня прыйдзе вораг з маскоўскага краю На магазын наша зерне браць! (Сыракомля Ў. Добрыя весьці. Паэзія, проза, крытыка. Менск, 1993. С. 15—16)

Супраціў расейскай імпэрыяльнай палітыцы заманіфэстоўваўся, выяўляўся тут найзырчэй. Імпэрыяльнай палітыцы супроцьстаіць у вершы Сыракомлі творчая, і, тым самым, абарончая сіла сакралізаванай зямлі.

Увогуле, у гэтай частцы Эўропы пазьнейшая літаратура (літаратура fin de siécle) з усёй бязьлітаснасьцю агаліла наяўнасьць двух палюсоў, двух скрайніх пунктаў, паміж якімі разгортваліся мастацкія практыкі: кансэрватыўна-патрыярхальнай парадыгмы (г.зн. для нашага выпадку: заснаванай на патасным сьцьвярджэньні рустыкальнасьці, беларушчыны ў тым ці іншым выглядзе, патрыятызму, папулізму, які нярэдка мяжуе з прагненьнем быць даступным усім і кажнаму, непрыняцьці й пасіўным ігнараваньні найноўшых культурных і, шырэй, агульнацывілізацыйных выклікаў, рэалізме, антыурбанізме, антыэратызме, засярэджанасьці на сацыяльным аспэкце быцьця) і мадэрнісцкай парадыгмы або, як інакш, парадыгмы мадэрнізацыі, абапёртай на эўрапеізме, касмапалітызме, эратызме, урбанізме, інтэлектуалізме, эстэтызме й дэкаратывізме.

Для Багушэвіча полюсную сытуацыю заманіфэстоўваў урбаністычны асяродак, месца адбываньня калянізацыйных практык. Для самога аўтара й ягонага наратара гэта дысанансная сытуацыя. Дарэчы, аднэй зь першапрычынаў музыкі й адначасна яе спараджэньнем ёсьць дысананс. Будучы спачатна насьледкам страты нутраной гармоніі суб’екту, дысананс у сваім музычным разнавідзе рэльефна падкрэсьлівае дыхатамічны распадзел і ўгрунтаваны на ім патас дыстанцыі паміж стаўлянай пад сумлеў аўтаноміяй (лепей: аўтаніміяй, здольнасьцяй даваць рэчам у іхным стасунку да сьвету свае іменьні) суб’екта й уціскам вонкавай рэальнасьці на яго, паміж удаванай — праваслаўна-барадатай — ідыліяй расейскай каляніяльнай сыстэмы й рэальнай мерай сацыяльнага адчужэньня суб’екту ў ёй, паміж велічэзнай нутраной напружанасьцяй вызвольнага духу й мізэрнасьцяй дасягнутага, паміж, урэшце, афарбаванымі ў сьветлыя таны хімэрычнымі спадзевамі на будучыню й змрочным цяжарам мадэрнай сучаснасьці.