Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 189

Невядомы

Апрача гэтага, магчымы й зьлёгку іншы выклад фэномэну музыкі, заснаваны на ейнай тэмпаральнай абумоўленасьці. Часінай поўнага панаваньня музычнага пачатку ёсьць ночная пара, а прасьцягам ягонага бесьперашкоднага пашырэньня — разлог, спабыты сьвятліні й сонечнага праменьня. А таму пік дамінацыі музычнае стыхіі азначае адно — зыход у цямрэчу, надыход вусьцішнае пары жудлівасьці, калі суб’ект губляе свае звычныя абрысы й пачынае балянсаваць паміж двума экзыстэнцыйнымі палюсамі: паміж жыцьцём і сьмерцю, паміж бытам і нябытам.

Тое, што з запачаткаваньнем расейскіх каляніяльных тэхналёгіяў пэрманэнтнага скарэньня суб’екту шляхам накіданьня яму комплексаў самазабыцьця, самавырачэньня, самараспушчэньня ў “расейскім моры”, карацей, падрыву собскае саматоеснасьці суб’екту адбылося агульнае азмрачэньне сытуацыі, дакладна фіксуе, напрыклад, Вінцэсь Каратынскі ў сваім вершы “Ўставайма, братцы!..”: “Узыйдзі нам, соўнейка!/Прывядзі нам дзень!” (Каратынскі В. Творы. Менск, 1994. С. 12).

Сама фактура гэтага твору — уставайма, братцы — разгортвае яшчэ адну старонку ў заняволеньні лірычнага суб’екту каляніяльным геніем, а наймя тое, што сам суб’ект знаходзіцца ў гарызантальным палажэньні, ён зьбіты з ног, ён спляжаны вобзем, ён зьведзены да рангі паўзуноў, ён стаптаны ў брудзе, спабыты мабільнасьці й самастойнасьці, інакш кажучы, ён нястанны ды нетрывушчы, і можа толькі прагнуць спатолі. Ад гэтага яму заняло мову, і ён ня ў стане вымавіць тае сакральнае формулы, якая дазволіць яму выпрастацца:

Ой, нашто ж мне дана тая мая мова, Як я не умею сказаць тое слова, Каб яго пачулі, каб яго пазналі, Каб яго, то слова, ды праўдай назвалі... (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 29)

Топіка сакральнасьці патрабуе гэтта грунтаўнейшага разрабленьня. Арыстотэль адразьняе (Aristoteles, Politik, VIII, 5.7) чатыры спосабы ўжыцьця музыкі: першае — для забавы, другое — для маральнага ўдасканаленьня, трэйцяе — як занятак, што прыносіць высокае задавальненьне, чацьвёртае — з мэтай “ачышчэньня”, прычым, нарматыўнае разуменьне катарсысу гэтта — абумоўленае мастацкім досьведам вывальненьне ад афэктаў. Катарсыс можа быць выкліканы такім узрушэньнем духовых памкненьняў, пры якім яны падпарадкоўваюцца стродка вызначанай меры й закону.

Топас “ачышчэньня”, катарсысу можа аказацца надзвычай важным для нас — калі пад гэтым разумець і ачышчэньне ад раней прышчэпленае штучнае тоеснасьці, ад усіх тых напластаваньняў, якімі каляніяльная прастора зь ейнымі агрэсіўнымі практыкамі “адорвае” суб’екта.

Каляніяльная культурная экспансія, праводжаная з імпэрскага цэнтру, найчасьцей адзначаецца ўгнюшваньнем мясцовых сьвятыняў: яна скіроўваецца на дэсакралізацыю аўтэнтычнай аўтахтоннай культуры й на дэзідэнтыфікацыю ейных канкрэтных носьбітаў. Сьведама або нясьведама, але Багушэвіч супрацьстаіць гэтай экспансіі, уводзячы топіку “музыкаваньня”, у якой адначасна скрыжоўваецца вэрбальнае й сакральнае. Бо толькі не спабытая “сакралізаванасьці” культура можа быць сацыяльна прэстыжнай.