Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 188

Невядомы

Іншая нямецкая аўтарка, Крыстына Любколь, падкрэсьлівае здольнасьць музыкі быць “дыскурсіўным сяродкам”, а ідэя музычнага, сьцьвярджаецца далей, ня толькі вызначае дыспазыцыю мастацкага суб’екту, але адначасна ўстанаўляе паэталягічную мадэль арганізацыі тэксту (Naumann B. “Musikalisches Ideeinstrument”. Das Musikalische in Poethik und Sprachtheorie der Frühromantik. Stuttgart 1990, S. 163).

Музычная стыхія, якая шырокай ракой разьлілася на бачынах Багушэвічавых твораў, становіць сабой выходны мамэнт для комплекснага асэнсаваньня маштабу створанага ім. Дастаткова згадаць, што загалоўныя вершы — гэтаксама прасякнутыя музычнай сымболікай — абодвух зборнікаў паэта, адпаведна, “Мая дудка” й “Смык” акурат і пачынаюцца энэргічнымі заклікамі да “музыкаваньня”, да надрыўнага граньня, якому ня бачна краю:

Эх, скручу я дудку! Такое зайграю, Што ўсім будзе чутка Ад краю да краю! (Багушэвіч Ф. Творы. Менск, 1991. С. 18)

Водгульле гэткай наратыўнай мадэлі дыялёгу паміж паэтам і чытачом, якая скіроўвае апошняга пачуць музыку словаў, музыку сфэраў, сустракаецца фактычна на ўсім прасьцягу новае беларускае літаратуры ад Чачота й Багрыма паўз Багушэвіча й да Цёткі, Купалы, Коласа й г.д. і, як правіла, закранае ня толькі сэмантычна-рэфэрэнцыйную прыроду аўтарскае мовы, але й сынтагматычны ровень тэксту.

Акт музыкаваньня ў падобных кантэкстах выступае сымптомам нутраное нестабільнасьці мастацкага суб’екту, своеасаблівым індыкатарам парушэньня прыроджанае зраўнаважанасьці рэчаў. Амплітуда гучаньня пры гэтым можа адмяняцца ад, здавалася б, лірычнага сьпеву да крыку, стогну, енку й нават галашэньня.

Музычны імпульс, які выходзіць ад мастацкага суб’екту, пакліканы вывесьці суседніх суб’ектаў із стану радыкальнае пасіўнасьці (або, наадварот, прывесьці іх у гэты стан). Больш за тое, якраз з гэтай свомасьцяй музыкі традыцыйна зьвязваецца ўяўленьне аб ейным “дэструкцыйным характары”, таму што, паводле Канта, сьпеў ці патрабуе ад іншага суб’екту сьпяваць разам, ці зьнішчае, у тэрміналёгіі Канта, ягоную “думальную самастойнасьць” (“Gedankengeschäft”) (Kant I. Kritik der Urteilskraft, Akademie-Ausgabe, Bd.5. Berlin, 1913. S. 330). Музыка выкрывае ўвесь фальш суб’екту (прыраўн. “анталёгію фальшывае сьведамасьці” ў Адорна), яна парушае ягоны спакой і нагадвае яму аб ягонай сьмяротнасьці й нявечнасьці.