Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 187

Невядомы

Існуе сапраўдны інстытут полацкіх страт і нязьдзейсьненых праектаў. Гэта вельмі аптымістычны інстытут — ён дэманструе вымер тутэйшых патэнцыяў і амбіцыяў. “Страты” — неабходная драпіроўка гістарычнай дыскрэтнасьці, без падобнага маскаваньня гамагеннасьць традыцыі не была б відавочнай. Тое, што мы не патрапілі яўна залічыць у свае набыткі, можна правесьці па графе “свайго страчанага”. З расьцярушаных і непрачытаных архіваў, з раскіданых камянёў бажніц прарастае сучасная беларуская самасьвядомасьць, пачатак якой далі археалягічныя й археаграфічныя вышукі.

Полацкі лябірынт — ці ня самая амбітная крывіцкая “страта”, бо яна галіцца на ляндшафт, прэтэндуе на асаблівыя дачыненьні з прасторава-часавым кантыніюмам (згадайма “Лябірынт” В.Ластоўскага). Але гэтая міталягема няпоўная — хтанічная прырода лябірынту-сутарэньня вымагае наяўнасьці свайго салярнага спадарожніка. І ён, гэты крывіцкі Эдэм, існуе. У адрозьненьне ад Лябірынту, адносна тапаграфіі й месцазнаходжаньня Саду ёсьць больш пэўныя зьвесткі. Ян Баршчэўскі, напрыклад, лякалізуе ягонае месцазнаходжаньне ў экіманскіх уладаньнях паноў Беліковічаў. Урэшце, “Вертаград” С.Полацкага можна ўважаць ягоным віртуальным філіялам, заўжды гатовым разгарнуцца на прасторы айчыннага гуманітарнага дыскурсу.

2001 г.

Мой Багушэвіч

ДЫЯЛЕКТЫКА КЛЯСЫЧНАГА ТЭКСТУ

Менаваная ў назове канстатацыя не павінна ўводзіць нікога ў зман — у ёй няма й ня можа быць адценьня пэрсанальнае прыналежнасьці, як, напрыклад, у выказваньні мая сьмятана або, калі больш па-постмадэрнісцку, аддай маю сьмятану; гаворка ідзе насамрэч адно пра лініі адэкватнае рэцэпцыі створанага Багушэвічам корпусу тэкстаў на гранічна агульным фоне аналітыкі фундамэнтальных мамэнтаў беларускага нацыянальнага дыскурсу. Пад “адэкватнай рэцэпцыяй” у дадзеным кантэксьце трэба разумець ня што іншае, як інтэнцыю інтэлігібэльна асэнсаваць некаторыя эстэтычна рэлевантныя інварыянты з творчага даробку аўтара “Дудкі беларускай”, якія дагэтуль заставаліся par exсellence фігурамі маўчаньня.

ПРАСТОРА МАЎЛЕНЬНЯ Й МАЎЛЕНЬНЕ ПРАСТОРЫ

Вульгарна-марксісцкае літаратуразнаўства (а іншага, прызнацца, на Беларусі доўгі час і не было) зводзіла ўсю інтэрпрэтацыю творчасьці аўтара “Дудкі беларускай” да стандартнага набору стэрэатыпаў: “мужык”, “пан”, “прыгон” etc. Наш выбар якраз і зьясьняецца насьпяваньнем пільнае патрэбы выйсьці за гэтае заганнае кола, за межы гэткага кшталту рэдукцыянізму.

Катэгорыя музычнага дае тут унікальную магчымасьць выкрышталізаваць у створаным адным з заснавальнікаў беларускае літаратуры корпусе тэкстаў уласна рамантычныя элемэнты, характэрныя для творчасьці паэта.

Новыя інтэрдысцыплінарныя досьледы, прысьвечаныя эстэтыцы рамантычнае творчасьці, дазваляюць з поўным правам залічаць музычнае да цэнтральнае парадыгмы рамантычнае паэтыкі. Нямецкая дасьледніца Барбара Наўман у сваёй кнізе гаворыць пра самарэфлексійныя структуры музыкі, трансцэндэнтальны характар нявызначанасьці музыкі як безінтэнцыяльнага, не-паняцьцёвага, і таму найбольш агульнага й абстрактнага мастацтва, падводзячы тым самым грунт пад сваю тэзу пра “Geburt des sprachlichen Zeichens aus einem musikalisch-rhythmischen Geiste” (Naumann B. “Musikalisches Ideeinstrument”. Das Musikalische in Poethik und Sprachtheorie der Frühromantik. Stuttgart 1990. S. 146). Пры гэтым музычныя элемэнты на спэкулятыўным роўні аказваюцца спачатнымі духова-эмацыйнымі сіламі паэзіі. Гэты спэкулятыўны ровень, што паказальна, дапускае маніфэстацыю розных формаў сьведамасьці.