Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 186

Невядомы

Фармулюючы сацыяльны ідэал, С.Полацкі дэкляруе яго адкрытым для памкненьняў любога чалавека, незалежна ад паходжаньня, наяўнасьці чыну ці маёмасьці. У асяродзьдзі рамесьнікаў і клірыкаў С.Полацкі бачыць апірышча боскім і царскім справам. Галоўны цэнз: верная служба царкве й манарху, што мае на ўвазе індывідуальную дабрароднасьць, працу як служэньне. Каб сьцьвердзіць дабрароднасьць працы агулам і рамесьніцкай працы ў прыватнасьці, С.Полацкі выводзіць ейную генэзу ад антычных багоў: “Сметливая Арахна пряжу придумала, // Чтоб наготу нашу удобно укрыть. // Также і ткачей всякими изделиями // Благодаря ее изобретению мы облагодетельствованы” (Полоцкий С., с. 132).

Ідэал С.Полацкага — гэта своеасаблівае шляхоцтва без гербоў, генэалёгіяў і радавых замкаў. Рыцарам сутаны ды прэстолу й бачыў сябе С.Полацкі: “мечь ё азъ, подражая Христу Госпаду, отъ устъ моихъ испущаю, не человеки убивающій, но злобы ихъ, і лукавства ихъ посецающій, сухія ветви от древа отрезающій... Мечь духовный, на духовныя извлекаю, і секу нещадно ихъ злобы”.

С.Полацкі, зразумела, ня быў утрапёным дэсыдэнтам. Ён аддаваў належнае й традыцыйнай канцэпцыі трохчастковага функцыйнага падзелу грамадзтва на сьвятароў, вояў і земляробаў: “Блюди свое сословие: молитва Симу // Дана, плуг — Хаму, а меч — Иафету.” (Полоцкий С.). І ўсё ж само грамадзтва ўжо зламала гэтую дэкляратыўную статыку, акурат у той ступені, якая й дазваляла сыну купца рабіць кар’еру клірыка й дзяржаўнага дзеяча. “Паэтычныя вольнасьці” С.Полацкага былі санкцыянаваны часам. Эксцэсы шляхоцкіх вольнасьцяў змушалі многіх палітычных мысьляроў Рэчы Паспалітае знаходзіць ідэальныя грамадзкія ўзоры ў самых нечаканых месцах, у асяродзьдзі іншых сацыяльных клясаў і нават іншаверцаў. Шукаць падтрымкі “палітыкі велічы” ў бюргерскім асяродку вымагалі й агульнаэўрапейскія палітычныя тэндэнцыі. Падобная задача патрабавала перафармуляваньне сацыяльнага ідэалу, падпарадкаваньня яго новым палітычным рэаліям. С.Полацкі сваім паходжаньнем і выхаваньнем быў да гэтага падрыхтаваны.