Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 185

Невядомы

Кніжнік Сімяон ня мог прайсьці паўз такі тэкст, якім зьяўляецца “кніга прыроды”. “Кніга прыроды” — адна з “мэтафар Барока”, адсюль і назва энцыкляпэдычнай працы С.Полацкага “Вертоград многоцветный”. У тэкстах апошняга алівы, фігавыя дрэвы й вінаградныя лозы дамінуюць па колькасьці згадак над тубыльнымі крушынамі й соснамі. Пабожны паэт лепш арыентуецца ў тапаграфіі й батаніцы Эдэму, чымсі роднай зямлі. Нетры ягонага “вертаграду” насяляюць ільвы, малпы й іншыя вучоныя зьвяры, што валодаюць мастацтвам палымянай казані. Лес для С.Полацкага — сфэра языцкага, у адрозьненьне ад вертаграду, саду — канцэнтраванай мэтафары культуры; культуры ў ачышчанай ад больш позніх напляставаньняў форме, культуры як апрацоўкі зямлі, прыроды. Прыроднае, “калючае”, як крушына, у творы паэта “Презрение достоинства и желание почета” — мусіць належаць агню — смалістаму цяпельцу, на якім смажацца свавольнікі “в темной пропасти, в огненном океане”. Сад С.Полацкага — гэта дыдактычная катэгорыя, чужая пастаральным сэнтымэнтам. “Дзікі” аўтэнтычны ляндшафт, як і ягоныя насельнікі — нацыі,— яшчэ ня вынайдзены, гэтыя адкрыцьці будуць зроблены праз колькі стагодзьдзяў.

Геапалітычныя арыентацыі Полацку традыцыйна палягалі ў плашчыні “Поўнач—Поўдзень”. Гэта ня толькі шлях “з варагаў у грэкі”, што нітаваў у Полацку Скандынавію зь Бізантыяй, але таксама й пасярэдніцкая роля паміж Вялікім Ноўгарадам і Кіевам, пра што сьведчаць архітэктурныя помнікі й знаходкі археолягаў. Альгердаў шлях, суладна з народнымі паданьнямі, адпавядае ня столькі тапаграфічнай, колькі міта-паэтычнай праўдзе — у беларускай традыцыйнай мадэлі сьвету зьвязка “Поўнач—Поўдзень” мае каштоўнасныя нагрузкі, зьвязаныя з апазыцыямі “верх—дол”, “сакральнае-інфэрнальнае”, дзе Поўнач, адпаведна, верх, а дол — Поўдзень (Санька С.).

Калі “Поўнач—Поўдзень” былі для Полацку кірункам эканамічнага развою й культурных кантактаў, то геапалітычная вось “Захад—Усход” стала спадарожніцай войнаў і разбораў, вытокі якіх палягалі далёка ад мясцовых інтарэсаў. Да распрацоўкі міталягемы Ўсходу дачыніўся й С.Полацкі. “Океан восточной власти ти годует // А юж западны тобе ся готует. // Слонцу Восток, Запад ровне подлегают, // Даст Бог тебе, слонце, вси царем узнают” (Полоцкий С., с. 38) — дэклямуе паэт, ці то сьцьвярджаючы, ці то прадракаючы пурпуровы ўсход маскоўскай вялікадзяржаўнасьці. Як і многія вобразы й ідэалягемы, міт усходу распрацоўваецца С.Полацкім з дапамогай антычных узораў глёрыяфікацыі. Маскоўскага цара паэт прыпадабняе Аляксандру Македонскаму.

Уяўленьні пра ляндшафт — люстра суб’ектыўнасьці эпохі, ейнага грамадзкага краявіду. Зь якой кропкі сацыяльнага бачыўся С.Полацкаму ягоны Вертаград? Поле сацыяльнага, як “гістарычна склаўшаяся пространь”, ёсьць вытворным ад прасторы прыроднай і адначасова месцам, дзе фармуюцца прасторавыя ўяўленьні і спосабы трансфармаваньня ляндшафту (П.Бурдзье). Разглядаючы погляды С.Полацкага на сацыяльнае, мы сутыкаемся з ідэалягічным пасылам, у якім застаецца мала месца неадрэфлексаванай інэрцыі традыцыі. Сімяон Полацкі, выхаванец Кіева-Магілянскай калегіі й Віленскай езуіцкай акадэміі, тагачасных асяродкаў усходнеэўрапейскай гуманістычнай думкі, ідэю чалавечай дабрароднасьці вырашае ў рэчышчы рэнэсанснай канцэпцыі чалавека. Засноўваючыся на рэлігійным пастуляце стварэньня чалавека па вобразе боскім, рэнэсансная ідэалёгія дэкляравала свабоду чалавечае волі й роўнасьці кожнага чалавека ў Богу. Гэтую ідэю мы знаходзім і ў творах С.Полацкага. Паэт сьцьвярджае: “Все мы по образу Божьему, все мы — адамиты”. Кожны нараджаецца роўным і годным, але, маючы свабоду маральнага выбару, чалавек можа згубіць падставу гэтае годнасьці — вобраз Бога ў душы. Шляхціц — гэта перадусім той, хто патрапіў захаваць повязь з боскім першаўзорам. Адсюль выснова С.Полацкага: “Кто богат достоинствами, по праву может быть наречен // Дворянином, хоть бы был рожден от простецов неизвестных. // А кмет і дворянин без достоинств — холоп, хотя рожден от благородных” (Полоцкий С.). Факт нараджэньня ад дабрароднага продка ня можа даваць перавагі на вагах шляхоцкае годнасьці: “всякая кровь портится і невечна”. Вайсковая шляхоцкая служба разглядаецца паэтам не як прывілей, а як адно са шматлікіх рамёстваў.