Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 184

Невядомы

Гамагеннасьць прыдзьвінскага ляндшафту, ягоная “дзьвінацэнтрычнасьць” (крыніцы й ручаіны краю імкнуць да галоўнага рэчышча) ёсьць тым эмацыйным чыньнікам, што нараджае ўсьведамленьне супольнага. Лучнасьць ляндшафту прадвызначае агульнасьць гістарычнага лёсу. Вандроўкі па крывіцкім чарналесьсі Ўсяслава Чарадзея, Яна Баршчэўскага й Язэпа Драздовіча прасякнуты адчуваньнем свойнасьці. Гэта, мусіць, тое, што разумелі скандынавы пад паняткам “мідгард” — унармаваная абжытая прастора, як родны двор дзяцінства, у акрэсе тыну якога знаходзілася столькі чароўнага, хвалявальнага, але бясьпечнага.

Тапаграфія папярэднічае гістарыяграфіі. Абмеры зямельных уладаньняў падчас рэформы каралевы Боны ўвыразьнілі абрысы літоўскай Сарматыі. З рэкагнасцыровак і памежных абмераў тэрыторыяў, захопленых кацярынінскімі генэраламі, паўставалі абрысы сучаснай Беларусі. Менавіта на падставе тапаграфічных даведак узьніклі першыя ўзоры айчыннай гістарыяграфіі — “Апісаньне Віцебскай губэрні” Пятра Катлоўскага, “Исторические сведения о примечательных местах Белоруссии” М.Бэз-Карніловіча ды іншыя. Пры ўсёй сваёй імпэрскай скіраванасьці яны ня страцілі навуковай каштоўнасьці — ляндшафт ня так падпадае фальшаваньню, як пісьмовыя крыніцы.

Побач з традыцыяй-тэкстам заўжды прысутнічае традыцыя-ляндшафт, што ўплывае сваімі эканамічнымі й афэктыўнымі складнікамі на сацыяльна-палітычнае поле. Гэта канфлікт дзьвюх розных моваў, якія, гаворачы пра аднолькавыя рэчы, ствараюць адрозныя рэальнасьці. Адраджэнская традыцыя, угрунтаваная на формулах сваіх сакральных тэкстаў, паходжаньне якіх узыходзіць да віленскіх краявідаў ХІХ ст., адмаўляе ў культуратворчай каштоўнасьці сучаснаму соцыя-культурнаму ляндшафту. На жаль, тарашкевіца не валодае дастатковай крэатыўнасьцю, каб спарадзіць з уласнай літары “абяцаную зямлю” — рэальнасьць альтэрнатыўную.

Полацак знаходзіцца ў тым шчасным пункце, дзе ляндшафт выходзіць на паверхню сэмантычнай уцямнасьці. Рака, лес, верасовыя пусткі, балоты, азёры, дарогі, камяністыя палі ангажуюцца тут гісторыяй, гарызанталь краявіду трансфармуецца ў вертыкаль сылюэту бажніц. Гісторыя існуе ў полацкім пэйзажы як патэнцыя, як працяг ляндшафту ў сацыяльнае. Ляндшафт акумулюе ў сабе набор магчымых гістарычных падзеяў, якія “ўчытаны” ў краявід (напрыклад, “палі баёў”),— павароткі дарогі нясуць у сабе патэнцыі гістарычных пэрыпэтыяў, а пагоркі, лагчыны, азёры выконваюць мнэматычную функцыю. Вакол гэтых дамінантаў канцэнтруюцца легенды й паданьні.

Лес зьяўляецца тым топасам, які наглядна дэманструе асаблівасьці прасторавых уяўленьняў традыцыйнай беларускай культуры. У ейным кодзе ён “сэмантычна маркіруе Поўнач і Верх”, то бок “лес аказваецца максымальна прыцягнутым да сфэры сакральнага” (Санька С.). Для заходнеэўрапейскай традыцыі характэрна хоць і дыфэрэнцыяванае ў залежнасьці ад сацыяльнага становішча й культурнага цэнзу, але збольшага насьцярожанае стаўленьне да лесу. Гэтая амплітуда вагаецца ад вобразу нетраў-пустэльні, поўных інфэрнальных сіл, у якіх выпрабоўвалі сваю веру клірыкі, і да лесу-вольніцы браканьераў-віланаў. І тым, і другім лес быў “унівэрсумам чароўных і палохкіх легенд” (Ле Гофф Ж.).