Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 183

Невядомы

Першааснову ўсясьветнай хрысьціянскай імпэрыі — “трэці Рым” — С.Полацкі бачыць у Маскоўскай дзяржаве. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова перачытаць віншаваньні паэта маскоўскім валадаром “Метры на пришествие во град отчистый Полоцк... царя и великого князя Алексия Михайловича” і іншыя, у якіх С.Полацкі прадракае маскоўскаму арлу панаваньне над іншымі дзяржавамі. Карона ўсясьветнай імпэрыі ўжо бачыцца паэту на галаве маскоўскага цара: “Прийми митру литовску, прийми и корону // Полскую, Алексею, под свою оброну. // Затым даст Бог тры шведских на остаток в небе, // Труда ради о веру увеньчают тебе” (Полоцкий С., с. 40).

У першай частцы сваёй палітычнай праграмы паэт, мусіць, меў рацыю — калі б ягоны вэрсыфікаваны праект зьдзейсьніўся пад ачолай маскоўскага арла, эўрапейскай гісторыі сапраўды прыйшоў бы скон.

Гістарызацыя масавай сьвядомасьці адбылася толькі напрыканцы ХVІІІ стагодзьдзя. Прысьпешыць гэты працэс магло жыцьцё на памежжы, з уласьцівай яму асаблівай інтэнсіўнасьцю падзеяў, што наглядна суадносяць хаду гісторыі са здарэньнямі асабістага лёсу. Сьветаадчуваньне барока як пераходнай сьветапогляднай фармацыі, міжэтнічныя й міжрэлігійныя кантакты й канфлікты ў памежнай Полаччыне — усё гэта зрабіла С.Полацкага прыналежным гістарычнаму адчуваньню свае эпохі, што й дазваляе суадносіць ягоны лёс і чын з заканамернасьцямі гісторыі, а ня міту.

КУЛЬТУРТРЭГЭРСКІ ЛЯНДШАФТ

Рака й мяжа — тыя скрані, паміж якімі фармавалася полацкае грамадзтва XVІІ стагодзьдзя. Межаў Полацак ніколі не любіў, адсоўваючы іх як найдалей за свае ваколіцы — гэта была экспансія гандляроў, дойлідаў, асьветнікаў і сьвятых. Горад на сотні кілямэтраў пасунуў мяжу на захад — і паўстала Беларусь. Усходняя мяжа ВКЛ і Масковіі, чужая Полацку, падрывала эканамічныя сувязі й культурную місію краю, але не адмяняла іх. Мяжа надала гэтаму сьвету мітаў і легенд гістарычнае вымярэньне, а рака ўлучыла яго ва ўсясьветны кантэкст.

Сваёй мэтафарай “жыцьцё пры дарозе”, апавядаючы пра лёс беларускага, Алесь Аркуш выявіў пляст нэгатыўных значэньняў транзытнай прасторы-пусткі. “Жыцьцё пры дарозе” — антыпод жыцьцю пры рацэ. Дарога арганізуе тэхнагенную пространь, рака — прастору культуры. Полацак, які паўстае з брамы чыгуначнага вакзалу, і Полацак з набярэжнай — розныя гарады. У першага лёс павятовай станцыі, другі — караблём-нэфам Сафіі спасьцерагае сустрэчнага ветру гісторыі.

Два Полацкі нітуюцца ў нашай сьвядомасьці. Той, што мы ведаем цяпер,— уласна горад, але нашыя продкі адрозьнівалі таксама й Полацак як край. Гэта ўся лясная прыдзьвінская роўнядзь з прадмесьцямі-фарпостамі, адлеглымі адзін ад аднога на сотні кілямэтраў. Менавіта палачанамі называлі жыхароў беларускага Падзьвіньня летапісныя крыніцы. Чым ёсьць тады сучасная Полаччына, як ня ўсёй Беларусьсю ў ейных этнаграфічных межах? Пазбаўце палачан падобнага ўяўленьня — і Беларусь не далічыцца тысячы гадоў уласнай гісторыі. Сучасны Полацак — фундатар беларускага гістарычнага дыскурсу й донар для сталічнай эліты.