Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 182

Невядомы

Творчасьць С.Полацкага дазваляе выявіць тыя зьмены, што адбываліся ў сьвядомасьці ягоных сучасьнікаў, у прыватнасьці, у іхных адносінах да часу. У сваім творы “Год века образ” С.Полацкі атаясамляе сэзоны году з узроставымі стадыямі чалавечага жыцьця. Паэт падзяляе чалавечы век на пяць пэрыядаў, у кожным зь якіх па шаснаццаць гадоў: “Пяць разоў па шаснаццаць гадоў — канец веку”. Вымярэньне чалавечага жыцьця на 16-годзьдзі, на думку сучасных гісторыкаў, можа сьведчыць пра пэўную абыякавасьць тагачаснага грамадзтва да канцэпту ўзросту, што абумовілася адсутнасьцю ўніфікаваных узроставых вехаў, якімі для нашых сучасьнікаў зьяўляецца, напрыклад, набыцьцё адукацыі ці служба ў войску.

Заслугоўвае ўвагі верш С.Полацкага “4 szesci dnia”, у якім прасочваюцца каштоўнасныя адносіны паэта да часу: “kto madry, ma noc w nienawisć, // We dnie uciechy szuka y korzsci”. (Полоцкий С., с. 110). Параўнайма з народнай формулай “ягоны час, ягоная воля”, паводле якой “дабро ёсьць тое, што бывае ў свой час і на сваім месцы” (Санька С.). Падобныя адносіны ўпарадкоўваюць сусьвет у сыстэму выразна вызначаных дыхатамій дзень—ноч, сьвет—цемра, дабро—ліха й г.д. Але ў гэтую традыцыйную пэўнасьць у вершы С.Полацкага ўжо ўплішчваецца агаворка, характэрная для мадэрновых часін: “Ma w prawdzie człowiek z niej pod czas wygode” (Полоцкий С., с. 110). Бяз гэтай агаворкі, якую санкцыявалі прасунутыя розумы Эўропы Новага часу, вогнішчы інквізыцыі палалі б яшчэ доўга (праўда, апошні выпадак суду над ведзьмамі зафіксаваны на Полаччыне ў ХVІІІ ст.).

Традыцыйнае для хрысьціянскай вучонасьці разуменьне гісторыі, якое ня страціла сваёй актуальнасьці на працягу XVІІ ст., вызначалася “эсхаталягічнай пэрспэктывай”, гэта была гісторыя “кіраванага Богам руху ад граху да выратаваньня”. Паводле падобных перакананьняў, час належыць Богу й пераадоленьне нівэлявальнай уласьцівасьці часу магчыма толькі ў Богу. Да гэтага мусяць імкнуцца ня толькі асобныя індывіды, але й цэлыя народы. Узаемасувязь тэалёгіі і палітычнай думкі была прыкметай эпохі. Ідэя стварэньня ўсясьветнай хрысьціянскай дзяржавы рухала гісторыю эўрапейскай цывілізацыі з часоў Каралінгаў. У ёй знаходзіць рэлігійнае апраўданьне сваёй сьвецкай дзяржаўніцкай кар’еры й С.Полацкі.