Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 181

Невядомы

Здатнасьць ставіць і вырашаць гістарычныя задачы залежыць ад адпаведнага ўяўленьня пра час і каштоўнасныя арыентацыі, зь імі зьвязаныя. Кар’ера С.Полацкага як прагматычны праект, унутрана каштоўны й этычна апраўданы, магла скласьціся толькі ў выніку адпаведных адносінаў да гісторыі і рэлігійных установак. Як і іншых паэтаў барока, С.Полацкага ўражвае дэструктыўны аспэкт часу. У сытуацыі міжчасься, міждзяржаўя й міжвер’я С.Полацкі шукае аптымальнае для свайго індывідуальнага лёсу выйсьце. Урэшце, гэтае выйсьце станецца аптымальным для ўсяго тубыльнага постсармацкага дыскурсу — “усходні” вэктар сфармуе беларускую ідэю-місію вяртаньня праваслаўнай цывілізацыі ў агульнаэўрапейскі кантэкст. Беларускі “славянафіл” у маскоўскім эквіваленце — гэта “заходнік”. У паводзінах С.Полацкага аблудна было б шукаць прыкметы нейкае вылучна беларускай схільнасьці да канфармізму. Праз стагодзьдзе, пасьля разбору Рэчы Паспалітай, полацкія езуіты будуць датрымлівацца ў дачыненьні з кацярыненскай Расеяй той жа лініі. Гэта выбар сацыяльна-актыўных людзей, якія вырашылі працаваць тут і цяпер. Падобная пазыцыя будзе даваць плён, пакуль у выніку імпэрскай рэакцыі на шэраг шляхоцкіх забурэньняў 1812, 1831 і 1863 гг. у краі ня будзе падарвана сацыяльна-эканамічная база эвалюцыйнага развою, створаная нацыянал-прагматыкамі. Тэзу “абеларушчваньня” Расеі забудуць на стагодзьдзе.

Жыцьцё на памежжы — існаваньне ў сытуацыі пэрманэнтнага культурнага шоку ад сутыкненьня з “чужым”, ад немагчымасьці, урэшце, напоўніцу атаясамляць сябе са “сваімі”. Гэтая сытуацыя спараджае своеасаблівы рэлятыўны фундамэнталізм. Мусіць, існуе пэўная лёгіка ў тым, што правінцыйны гішпанскі шляхціц Лаёла стаецца заснавальнікам аднаго з найбольш амбітных інстытутаў эўрапейскай экспансіі, вучань езуітаў С.Полацкі едзе вучыць маскоўскіх цароў, а сталіцай Таварыства Ісуса робіцца Полацак, незабавам інкарпаваны ў склад Расеі.

Дасьледаваньне жыцьцёвага й творчага шляху С.Полацкага выводзіць на разгляд па-сучаснаму вострых апазыцыяў Захаду й Усходу, краёвага патрыятызму й нацыянальнага пачуцьця, традыцыі й навацыяў, сьвецкага і клерыкальнага, ідэалаў і прагматызму. Разьвязаньне гэтых дылем дазволіла С.Полацкаму зрабіць адну з найбольш уражвальных кар’ер у гісторыі беларускай культуры. Гэты прыклад пасьпяховасьці на стагодзьдзі прадвызначыў для беларусаў культуртрэгерскі вэктар. С.Полацкі заклаў і яшчэ адзін прэцэндэнт — як дасягнуць пасьпяховасьці, не адрынаючы свайго. Паэт, будучы ў Маскве, ня выракся ані полацкага патрыятызму, ані прыналежнасьці да базылянскага ордэну. Зрэшты, каб ня дужа падманвацца на гэты конт, варта ўлічыць адрозьненьні паміж сучасным нацыянальным пачуцьцём і ўласьцівым часом С.Полацкага спосабам самаідэнтыфікацыі паводле краёва-канфэсійнай прыкметы. Калі для сучаснага нацыяналіста ягонай “радзімай” зьяўляецца мова, дык для чалавека XVІІ ст. падобнай ідэалягічнай бацькаўшчынай была канфэсія, ці нават абрад, у выпадку “народнай веры”. Людзі “доўгага сярэднявечча лёгка пакідалі радзіму, бо наўрад ці яна ў іх была”(Ж. Ле Гофф). Да таго ж, і сама сацыяльная кляса, да якой належаў С.Полацкі, была, як піша М.Блок, па сваёй натуры ўнівэрсальнай.