Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 180

Невядомы

Урэшце, Захад і Ўсход могуць анічога ня ведаць пра існаваньне Беларусі й нават не здагадвацца пра ейную апрычоную культурную ролю. Падобны трагікамічны момант ня ставіць пад пытаньне самое місіі Беларусі, бо міжкультурны дыялёг адбываецца, насамрэч, ня толькі й ня столькі на дзяржаўным узроўні, узроўні інстытуцыяў або дыскурсаў, колькі ў штодзённым побыце, на ўзроўні індывідуальных лёсаў.

Быць беларусам азначае браць удзел у гэтым дыялягічным праекце. Беларускасьць — гэта форум, экспэртыза, палеміка. Беларусы ў Маскве рабіліся агентамі гісторыі, правакатарамі перамен. Такой была роля братоў Зізаніяў, П.Мсьціслаўца, Ф.Скарыны, М.Сматрыцкага, І.Хведаровіча й, безумоўна, С.Полацкага, уніята й палачаніна. Аслабленьне нацыянальнага імунітэту Беларусі прыпадала на пэрыяды лібэралізацыі маскоўскай дзяржавы. Беларусь рабілася прарасейскай у той ступені, у якой Расея “зьбеларушчвалася”, пераймаючыся гэтай дыскусіяй. Пецярбург Пятра І стаўся магчымым тады, калі з прычыны бясконцых войнаў немагчымай зрабілася “полацкасьць” — камунікацыя эўразійскіх абшараў праз Балтыку з заходнім сьветам. У той ступені, у якой Беларусь прыдумвалася ў Расеі, Расея прадумвалася ў Беларусі.

Народжаны ў інтэлектуальных колах ВКЛ стэрэатып Масковіі (М.Літвін, А.Пасевін, Г.Пельгрымоўскі й інш.) быў успрыняты ў Заходняй Эўропе. І пазьней ужо новая эліта пасьляпятроўскай Расеі прызнала сябе ў гэтым стэрэатыпе й культывавала яго як у творчасьці “заходнікаў”, гэтак і “славянафілаў”. Пазнаньне чужога — найперш самапазнаньне. Француз Дэ Кюстын, пішучы пра Расею, адкрываў Эўропу, дапамагаючы вызначыцца эўрапейскім ідэалам і каштоўнасьцям. Беларусь была такім месцам, дзе выяўляла й адкрывала сябе як Расея, гэтак і Эўропа.

Бясконцыя войны ВКЛ з Масковіяй зьмянілі ня ў лепшы бок ня толькі эканамічнае ды дэмаграфічнае становішча Полаччыны XVІІ ст., але й адбіліся анамальным чынам на культурным пакліканьні гораду. Эліты Полацку, якія далі літоўскім абшарам заканадаўства, распрацаваную пісьмовую мову, падмуркі дзяржаўнай і царкоўнай арганізацыі, былі ўрэшце зьведзены да стану памежнай варты, што з пэрыядычнасьцю ў дваццаць гадоў сыстэматычна вынішчалася падчас маскоўска-літоўскіх войнаў. Полацаку як месцу, заслужыламу на ўласную гістарычную рацыю, як прагматычнаму геапалітычнаму праекту, паўсталаму цэнтрам гандлю й культурных камунікацыяў, была неабходна мірная мяжа з Масковіяй. Менавіта таму Кацярынінскае XVІІІ ст., што зьліквідавала паўночна-ўсходнюю мяжу літоўскай “хімэры”, сталася часам росквіту Полацку. XVІІІ стагодзьдзе можна ўважаць ці ня самым бліскучым у новай полацкай гісторыі. Але аблудай было б казаць, што эканамічныя свабоды сталіся для палачан больш важнымі за свабоду сумленьня. Полаччына, як пісаў прарасейскі гісторык уніі М.Каяловіч, па-ранейшаму вызначалась “множеством ревнителей, выступавших под знаменем Кунцевича”.

Вобраз Сімяона Полацкага слаба акцэптаваны ў сучаснай беларускай мітаграфіі, але ягоная прысутнасьць у айчыннай гісторыі не падлягае рэдукцыям. Ф.Скарына — больш плястычная й спадручная постаць для канструктараў мітаў, ягоны вобраз падпадае рэдагаваньню і кіраваньню палітычнай каньюнктуры. У залежнасьці ад панавальнай ідэалягічнай моды, у яго зьмяняецца нават імя: Георгі на Францыск — і наадварот. У дадзеным пляне С.Полацкі рэзыстэнтны. Складваецца ўражаньне, што гэты выхаванец езуітаў на службе маскоўскага валадара сам вызначыў парамэтры сваёй прысутнасьці ў гісторыі. Урэшце, гэта й было ягонай прафэсіяй — ён карыстаў маскоўскі двор як ідэоляг “палітыкі велічы”, забясьпечваючы гістарыясофскую падтрымку маскоўскім унівэрсалісцкім памкненьням.