Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 179

Невядомы

Як і Ф.Скарына, гэты палкі патрыёт палічыў для сябе мэтазгодным любіць Бацькаўшчыну з-за мяжы. Думаецца, С.Полацкі (1629—1680) зьяжджае з радзімы не за фаўстаўскай праўдай, а кіруючыся праектам рацыяналізацыі сьвету. Апошняе прыпушчэньне ў дачыненьні лёсу С.Полацкага не выглядае надмернай мадэрнізацыяй. Калі традыцыйныя культурныя стасункі разбураюцца, чалавек апынаецца сам-насам з ірацыянальнасьцю часу, што з кожным новым чалавечым лёсам вымагае спарадкаваньня ў індывідуальным пляне й не прызнае дзедаўскіх рэцэптаў. Героі традыцыйных грамадзтваў таму лёгка ідуць на сьмерць, што яны несьмяротныя ў цыклічным часе мітаў свайго роду. У гістарычным вымеры наадварот — ня род гарантуе неўміручасьць індывіду, а індывід унесьмярочвае род.

Ф.Скарына вучыцца й пытаецца, С.Полацкі вучыць і адказвае. Апошняе — прыкмета часу: чым няпэўней навакольныя абставіны, тым катэгарычней дыдактыка. Францыск застанецца ў падсьвядомасьці беларускай культуры ейным паветрам і “кніжнікам кніжнікаў”.

Ф.Скарына шукаў на Захадзе, С.Полацкі знайшоў сабе на Ўсходзе — Імя. Досьведы Ф.Скарыны й С.Полацкага сфармавалі мадэль культурнага пасярэдніцтва, якая й умажлівіла ідэю Беларусі. Ф.Скарына й С.Полацкі — два роўнавялікія архетыпы, два ўзоры прэтэнзіяў для беларускіх культурнікаў. Без Ф.Скарыны, а дакладней — імпартаваных з Захаду тэхналёгіяў, не было б “кідку на Ўсход” С.Полацкага. Без С.Полацкага ня ўзьнікла б Беларусі ў ейным іншым вымярэньні — як гістарычнай пераемніцы Полаччыны, як краіны культуртрэгераў і асьветнікаў —масту паміж Захадам і Ўсходам.

Імя “Беларусь” упершыню пасьлядоўна пачало ўжывацца ў дачыненьні да сучаснай беларускай тэрыторыі менавіта пры маскоўскім двары. Захад шукаў місіянэраў, якія не выклікалі б адпрэчаньня ў артадаксальнага Ўсходу. На ролю такіх пасярэднікаў прэтэндавалі розныя тэрыторыі й этнічныя групы, але ў тым, што гэтая місія-назва “Беларусь” замацавалася менавіта за цяперашняй беларускай тэрыторыяй, пэўную заслугу мае й С.Полацкі, вучань віленскіх езуітаў, настаўнік маскоўскіх цароў. “Беларусь” на доўгія часы, да пацешных пятроўскіх палкоў і слабодаў, сталася адзіна прымальным для Расеі ўзорам заходняй цывілізацыі, з рук якой Масковія толькі й згаджалася браць рымскую вучонасьць.

Нацыю фармуюць ня толькі агульнасьць мовы ды гісторыі, але й місія — геапалітычная каньюнктура. Эліты могуць спраектаваць прэстыжную нацыянальную ідэю, але, каб зрабіцца “этнічнай культурнай тэмай”, яна мусіць улічыць геапалітычную прагматыку. Сьвятое месца не пустуе. Спачатку “Беларусь” зьявілася не ў зусім пісьменных — што зробіш — допісах маскоўскіх дыпляматаў і толькі пасьля — на палітычнай мапе. Каб апошняе адбылося, яе “вызвалялі” — гэта было актам ня толькі вайсковым, але й сэмантычным. “Вызвалялася” ня проста тэрыторыя, але й сэнс, ідэя, місія для гэтай тэрыторыі, уканаваная й закладзеная ў тэрміне “Беларусь”. Замала мець нацыянальную ідэю й нацыянальную мітаграфію — трэба, каб тваю ідэнтычнасьць прымаў на веру яшчэ нехта збочны. Нацыя — гэта тое, што адбіваецца й адбываецца вонкі.