Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 174

Невядомы

Каб мабілізаваць людзей, патрэбна была таксама ідэя, за якую яны гатовы былі выйсці на вуліцы. Такой ідэяй аказаўся нацыяналізм, яшчэ адна моцная сістэма, якая з неабходнасцю ўлучае ў сябе ідэю “моцнага мужчыны”.

Пад нацыяналізмам я разумею тут калектыўныя пачуцці і сацыяльныя рухі, звязаныя са статусамі і правамі груп, што вызначаюць сябе праз такія ментальныя канструкты, як уяўленая агульная гісторыя, паходжанне, культура, лёс, місія, мова, нацыянальны прыгнёт і г.д.

У канцы 1980-х у кожнай краіне Ўсходняй Еўропы ці былога СССР знайшоўся цэлы “пакет” праблем, якія суадносілі сацыялізм з уяўленай нацыянальнай несправядлівасцю: савецкай акупацыяй у Прыбалтыцы і Цэнтральнай Еўропе, адсутнасцю незалежнасці і моўным пытаннем на Беларусі і Ўкраіне, настальгіяй па імперскай велічы ў Расіі (згубленай вялікай культурай, знішчанай прыродай, зведзеным дарэшты сялянствам ці страчанай арыстакратыяй), спрэчнымі тэрыторыямі на Каўказе, збедненымі прыроднымі рэсурсамі ў Казахстане і сталінскімі злачынствамі супраць народу паўсюль. На аснове ўсіх гэтых розных праблем грамадствы пачалі патрабаваць незалежнасці ад “іншых”, якія “акупавалі”, “знішчалі рэсурсы”, “не давалі ўжываць нацыянальную мову”, “забівалі нацыянальных паэтаў”, “разбуралі нацыянальныя святыні”, “выкарыстоўвалі нашыя тэрыторыі пад свае ваенныя базы” і г.д.

Мяне цяпер не цікавіць, ці былі ўсе гэтыя злачынствы “сапраўдныя”, ці “ўяўленыя”; важна толькі тое, што менавіта ў гэты час нацыянальныя (а не якія-небудзь іншыя) пытанні ў самых розных фармулёўках пачалі ўспрымацца як галоўныя.

Прычына гэтага ў тым, што “нацыяналізм” быў насамрэч адзінай “гатовай” арганізацыйнай формай, якая існавала ў посттаталітарным савецкім грамадстве. Як зазначае Кэтрын Вердэры, “Калі сістэма такога тыпу пачынае дэцэнтралізавацца і заахвочвае больш ініцыятывы знізу, адзінымі структурнымі адзінкамі, што маюць вопыт і арганізацыйную гісторыю, з’яўляюцца нацыянальнасці”.

Каб атрымаць маральную перавагу і перамагчы, нацыяналісты павінны пераканаць сваіх выбаршчыкаў, што іхняй групе пагражае нейкая іншая група. Менавіта гэта робіць адзін з лідэраў апазіцыі (ён пакінуў краіну, асцерагаючыся рэпрэсій, а таму сёння мае імідж пакутніка за справу дэмакратыі), калі ўраўноўвае ваенныя страты нацыі на працягу гісторыі са стратамі ад абортаў і кантрацэпцыі: абодва фенамены бачацца яму часткамі генацыду беларусаў, за які нясе адказнасць расейскі імперыялізм. “Рускія выкарыстоўвалі вайну і нават франтавыя баі з мэтай генацыду беларускай нацыі… Потым, падаўжаючы медыцынскі генацыд, распрацавалі злавесную палітыку па спыненні нараджальнасці беларусаў і забіцці чалавечага зародку ва ўлонні жанчыны…

Калі беларуская супольнасць не здолее пазбавіцца ад агрэсіі расійскага каланіялізму і не выправіць становішча з Чарнобылем, то ў ХХІ стагоддзі не застанецца ніводнага беларуса. Увесь народ вымардуюць...