Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 173

Невядомы

У нейкі момант грамадства пачало ўспрымаць такое становішча як “ненармальнае” і нават небяспечнае. Калі Міхаіл Гарбачоў у адной са сваіх прамоў назваў “вызваленне жанчын” ад падвойнай нагрузкі (г.зн. магчымасць не працаваць, каб больш часу аддаваць сям’і) адным з прыярытэтаў перабудовы, ён выказаў менавіта гэту заклапочанасць: “Таму мы цяпер зацікаўлена дыскутуем у прэсе, у грамадскіх арганізацыях, на працы і дома адносна таго, што трэба зрабіць, каб жанчыны маглі вярнуцца да сваёй чыста жаночай місіі”. Паколькі іншымі прыярытэтамі часу былі галоснасць і палітычныя рэформы, “вызваленне жанчын” (па сутнасці, маргіналізацыя і вылучэнне іх з публічнай прасторы) аказалася “ў адным флаконе” з іншымі буржуазнымі каштоўнасцямі (вядома, тады мы іх так не называлі).

Пададзены кантэкст дазваляе растлумачыць агульную тэндэнцыю апошняга дзесяцігоддзя ва Ўсходняй Еўропе, а менавіта, “уздым маскулінасці”, які зарэгістравалі шматлікія даследчыкі. Прычына гэтага ўздыму ў рэканфігурацыі ўладных адносін, дакладней, канструяванні новых форм дамінавання і падпарадкавання. На сімвалічным узроўні гэты грамадскі фенамен паўстае ўзнікненнем новага публічнага дыскурсу, дзе мужчыны азначаны рацыянальнымі суб’ектамі, а жанчыны — прыватнымі і сэксуалізаванымі “аб’ектамі”. Паўстаў гэты дыскурс на аснове маёмаснай няроўнасці і новай класавай структуры.

Узнікненне новага (постсавецкага) сярэдняга (буржуазнага, прадпрымальніцкага, бізнесовага) класу непазбежна ўлучае ў сябе і пэўную рэарганізацыю гендэрных адносін і ўяўленняў пра ідэальную маскулінасць і жаноцкасць. Гэта апошняя цяпер канструюецца праз сэксуалізаванае пераазначэнне жаноцкага ў медыях і публічным дыскурсе: гэта і новыя дэбаты па пытаннях аборту і рэпрадукцыі, гэта і аб’ектывізацыя жаночага цела (праз уздым парнаграфіі і прастытуцыі), гэта і выдаленне жанчын з публічнай прасторы, працы і палітыкі (напрыклад, выдаленне іх “дамоў” у дзень выбараў у Мінску ці перадача выхавання дзяцей з дзяржаўных устаноў “у жаночыя рукі”).

Але на самой справе сітуацыя — больш складаная. Прычынай кардынальных зменаў у грамадстве была патрэба ў іншай сістэме размеркавання рэсурсаў, заснаванай на іншай (рынкавай) ідэі сацыяльнай справядлівасці, і матывацыя мусіла быць такой, з якой людзі маглі б ідэнтыфікаваць сябе. Быў патрэбны таксама мабілізацыйны механізм, які дазволіў бы ўспрыняць гэту матывацыю ў яе станоўчай праекцыі на будучыню. (Нельга мабілізаваць народ, сказаўшы: “Гэй, мы тут будуем маёмасную няроўнасць, далучайцеся да нас!”.)