Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 176

Невядомы

Вобразы “сэксуалізацыі захопу” сведчаць, як параджальнікі нацыяналістычнага дыскурсу будуюць сваю калектыўную ідэнтычнасць праз супраціў “каланізатару-іншаму”, які, як вынікае з верша, хоча захапіць і згвалтаваць “нашу” жанчыну-нацыю. Палітычная праграма, рэпрэзентаваная праз сэксуальную метафару, апелюе да “патэнцыі” і мужчынскасці як падставаў незалежнасці, таму што ў посткаланіяльным культурным канструяванні слабыя “туземныя” мужчыны ёсць ідыёмай бяссілля ў адносінах з каланізатарам. Плакат падчас Жаночага маршу супраць жабрацтва ў Мінску ў 1997 г. заклікаў: “Мужики! Встаньте с колен! Мы любим героев, а не холуев!”. Мужчынская сіла прыраўноўваецца тут да моцы нацыянальнай.

Постсавецкая рэчаіснасць ужо “выпрацавала” пэўную колькасць моцных мужчын, ці, лепей, мужчын, якіх ніколі не звінавачваюць у слабасці. Гэта “новыя багатыя”, нуварышы: у папулярнай культуры яны прэзентуюцца ў вобразе дэбільна-крымінальных суб’ектаў з вялізнымі мускуламі (а часам і са зброяй — мужчынскім атрыбутам). Пытанне аб тым, ці багатыя такія ж, як “мы з вамі”, цікавіць, вядома, многіх, але яны, бясспрэчна не ёсць крымінальнымі суб’ектамі, як гэта падаецца ў гарадскім фальклоры.

Як сведчаць сацыялагічныя даследаванні, новыя багатыя (сапраўды багатыя) амаль на 100% мужчыны, добра адукаваныя і маюць добрыя сувязі (“сацыяльны капітал”). Эрык Шыраеў у артыкуле пра маёмасную няроўнасць (у новай Расіі) піша, что “большасць маладых прадпрымальнікаў, банкіраў і гандляроў нерухомасцю… стартавалі ўнутры старога савецкага грамадскага і палітычнага істэблішманта”, г.зн. належалі да савецкай, партыйнай альбо камсамольскай наменклатуры (у гэтай групе было вельмі мала жанчын).

Калі савецкая эліта і наменклатура пачалі адчуваць, што (для іх) сацыялістычная сістэма размеркавання рэсурсаў стала цеснай? Якраз тады, калі сталася відавочна, што ўлада і рэсурсы (сацыяльны капітал), да якіх яны мелі доступ, былі наступствам іх паліттычнага, а не маёмаснага статусу (яны не “валодалі” нічым). Да таго ж, гэты статус не мог быць перададзены дзецям. З гэтага ўсведамлення і пачалося нараджэнне новай класавай стратыфікацыі замест старой, савецкай наменклатурнай падзеленасці грамадства. Балгарскі сацыёлаг Дзімітрына Петрава яшчэ ў 1994 г. адзначыла, што ў 1991 г. адбылася не дэмакратызацыя, а вызваленне класу (сфармаванага з савецкай эліты). Для новага класу багатых мужчын сацыяльную справядлівасць (і ліберальную дэмакратыю як яе частку) сімвалізуе рынак. Мафіёзнае партрэтаванне новага класу насамрэч толькі “сімвалічна вылучае іх з радоў тых, каго лічаць адукаванымі, якімі б ні былі іх сапраўдныя культурніцкія дасягненні”.