Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 172

Невядомы

Што тычыцца “нацыі”, то згодна з класічным азначэннем Бенедыкта Андэрсана, яна ёсць “уяўленай супольнасцю” людзей, што вызначаюць сябе праз стаўленне да агульнай мовы, гісторыі, культуры, місіі, лёсу і г.д. “З’яўленне нацыі звязана з дзейнасцю інтэлектуалаў, а менавіта: з той мовай, на якой яны гавораць, той версіяй гісторыі, якую яну твораць, г.зн., тымі сімвалічнымі сродкамі, якія яны ўжываюць, і тым сацыяльным парадкам, пры якім ім жывецца лепей за ўсё (ці яны вераць, што лепей).

Па-за 1991: гендэр, нацыя і клас

Жанчынам дапушчальна быць беднымі, мужчынам — не. Я маю на ўвазе наступнае: жанчына, нават бедная, застаецца жанчынай “праз сваё цела”, і амаль нішто (калі гэта не нешта незвычайнае) не можа змяніць гэта папулярнае уяўленне. З мужчынамі іншая справа: мужчынскасць быццам бы звязана не з целам (ці звязана не толькі з целам), і тыя, у каго мала грошай (ці ўлады), нейкім чынам пазбаўлены значнай часткі мужчынскага. Я маю на ўвазе традыцыйны канструкт “нарматыўнай” маскулінасці, калі ён “мужчына”, таму што плаціць у рэстаране. Адваротнае таксама справядліва: ён плаціць, таму што мужчына (жанчына, што плаціць сама, не даказвае гэтым сваёй жаноцкасці). “Народная воля” падае гэты погляд на мужчынскасць як заклапочаннасць тым, што ў постсавецкіх мужчын бракуе рэсурсаў: “Быць мужчынам. Гэта значыць быць мужам, айцом, гаспадаром у сваім доме, сваёй сям’і, нарэшце, у сваім жыцці. Але ці лёгка сёння быць мужчынам? З няшчасным заробкам калгасніка ці рабочага? З маленькім пасобіем, якое чамусьці завецца зарплатай…”

Упершыню непакой у сувязі з недастатковай мужчынскасцю быў заманіфеставаны недзе ў канцы 1960-х, калі жыццё зрабілася больш забяспечаным. Гендэрныя дэбаты былі распачаты артыкулам Барыса Урланіса “Беражыце мужчын” у “Літаратурнай газеце”, які нарабіў шмат шуму. Усім раптам стала зразумела, што мужчыны на самой справе фізічна слабыя: шмат хварэюць, паміраюць раней за жанчын, не могуць паклапаціцца пра сябе і адракчся ад самадэструктыўных практык (п’юць, паляць, шмат ядуць). Азадачанае грамадства прыходзіла да высновы, что жанчынам трэба клапаціцца пра сваіх мужчын, не карміць іх тлустым, не даваць піць, рэгулярна запісваць да дактароў і г.д.

Здольнасць запісацца да лекара наўрад ці звязана са слабасцю мужчынскай біялогіі: рэальная прычына, паводле якой мужчыны ўспрымаліся слабымі, была звязана з адсутнасцю “магчымасцяў” для будавання традыцыйнай маскулінасці. Вядомая дысідэнтка Анна Наталля Малахоўская (яна ўзяла імя па маці замест імя па бацьку), якую ў 1980 г. за выданне фемі­ністычнага часопісу “Марыя” выслалі з СССР, згадвае пра артыкул, у якім пісалася, што савецкі лад жыцця разбурае менавіта тыя сытуацыі, у якіх можа быць збудавана маскулінасць, а таму гэты лад ператваре мужчын у слабакоў. Гэтую ж ідэю можна сфармуляваць і такім чынам: у савецкай рэчаіснасці бракавала сітуацый, у якіх можна было б будаваць маскулінасць як грашова-ўладнаю катэгорыю. Такім чынам, маскулі­насць аказваецца звязанай з класавай прыналежнасцю (праз грошы і ўладу — атрыбуты класу), і савецкая “адсутнасць” грашова-ўладнай катэгорыі мужчынскасці ёсць пытаннем класавым. Альбо, лепей сказаць, гэта — пытанне адсутнасці такой класавай структуры ў савецкім грамадстве, пры якой мужчыны мелі б сістэмную перавагу над жанчынамі ў валоданні рэсурсамі (у нейкай ступені мелі, канечне, але ў цэлым жанчыны атрымлівалі жыццёвыя рэсурсы не ад канкрэтных мужчын, а ад дзяржавы).