Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 171

Невядомы

1999 г.

Пол, клас, нацыя і постсавецкая рэструктурызацыя

У гэтым артыкуле я маю намер паказаць, якім чынам у пост-савецкай трансфармацыі перакрыжоўваюцца нацыя, клас і пол — асноўныя складнікі любой сацыяльнай іерархіі, рэструктурызацыя якой у пост-савецкай праcторы адбываецца праз паўстанне новых класавых адрозненняў (г.зн. праз рынак і маёмаснаю няроўнасць).

Фармаванне новага ўладнага класу абавязкова ўлучае ў сябе і рэканфігурацыю “мужчынскай прывілеі”, а нацыянальныя праекты, у сваю чаргу, служаць “апраўданню” новага сацыяльнага парадку, легімітызуючы яго праз нацыянальную ідэалогію і “высакародную нацыянальную мэту”. У розных сваіх увасабленнях (патрабаваннях аўтаноміі ці незалежнасці, спрэчках аб мове альбо тэрыторыях) нацыянальныя пытанні пост-савецкага свету ёсць маніфестацыяй іншага — “класавага” пытання. Гэта, вядома, не сведчыць пра адсутнасць нацыянальнага пачуцця ў “зацікаўленых бакоў”, але дэманструе, што карані нацыянальных праектаў знаходзяцца ў групавых (“класавых” альбо карпаратыўных) інтарэсах тых, хто непрапарцыйна шмат увагі надае артыкуляцыі нацыянальнай ідэі, г.зн. інтэлектуалаў.

Метадалагічна артыкул будзе сфакусаваны на аналізе постсавецкага незалежніцкага дыскурсу, у прыватнасці, на тым, які класавы і гендэрны парадак у ім артыкуляваны. Аналіз тычыцца як зместу, так і формы дэбатаў, альбо, як піша Эдвард Саід,: не толькі таго, што гаворыцца, але і “як яно гаворыцца, кім, дзе і для каго”. Аналіз дыскурсу як “сімвалічнага прадукту”, улучанага ў культурную семантыку палітычнага моманту, паказвае, што “вызваленне класу” адбываецца праз ужыванне нацыяналізму як формы, у той час, як артыкуляцыя спецыфічнага гендэрнага рэжыму працуе на “легітымізацыю” нацыяльнай “уяўленай супольнасці”. А нацыянальныя праекты, гэтак сама, як і класавыя, патрабуюць асаблівых канфігурацый гендэрных зносін і спараджаюць спецыфічныя сімвалічныя рэпрэзентацыі мужчын і жанчын.

Паняткі

Згодна з дэфініцыяй Джаан Скот, гендэр (сацыяльны пол) ёсць “сацыяльнай арганізацыяй палавой розніцы”; тое, якім чынам “мужчынскае/жаночае дамінаванне і падпарадкванне канструюецца і легітымізуецца, а таму ён з’яўляецца элементарным спосабам азначэння адносін улады”. Калі пачынаецца барацьба за ўладу, заўсёды пераглядаецца (ці рэканструюецца) прынятае дагэтуль азначэнне сэксуальнай розніцы як першага і найбольш элементарнага сацыяльнага падзелу. Між тым, сама барацьба, нягледзячы на тое, што яна ўлучае ў сябе пераазначэнне гендэру, ідзе не з-за яго. Папросту, ужываючы тут катэгорыю гендэра, можна зразумець, якім чынам перакрыжоўваюцца нацыя і клас.

Пад класам я разумею не тую сацыяльную групу, якая вызначаецца стаўленнем да сродкаў вытворчасці (як у класічным марксізме), а тую групу, якая праз дзейнасць рынку ўлучана ў размеркаванне жыццёвых магчымасцяў (веберыанская перспектыва). (Класавая) стратыфікацыя мае месца тады, калі “жыццевыя магчымасці, даступныя розным групам насельніцтва, размяркоўваюцца нераўнамерна, у выніку дзейнасці індывідуальных эканамічных агентаў, што адрозніваюцца адзін ад аднаго па сваіх магчымасцях на рынку”.