Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 170

Невядомы

Ці дапасуюцца падобныя канструкцыі да армянскай культуры? Нам падаецца, што й раней у армянскай гісторыі ўзьнікала праблема “лінгвістычнага вакууму”, безумоўна, зьвязаная з культурнымі мэханізмамі ўспрыняцьця часу й пераводу яго ў сытуацыю гісторыі. Адзін з найбольш яскравых прыкладаў — першая палова 19 ст., калі армянская інтэлігенцыя ўсьвядоміла, што гісторыя падзелена на Мінуўшчыну й Цяпершчыну лінгвістычнай мяжой (“гісторыя” — гэта ўсё, што напісана на грабары, мінуламу адпавядае “мінулая” мова). Мінуўшчына не вярталася ў штодзённасьць, а заставалася самазамкнёнай і маўклівай у гэтай штодзённасьці. Яна была папросту Рамантычнай Мінуўшчынай. Прарыў гэтае лінгвістычнае мяжы зь Цяпершчыны ў Мінуўшчыну быў зьдзейсьнены ў лепшых рамантычных традыцыях, і ў выніку паўстаў гістарызаваны міт.

Цяпер мы назіраем, як улада спрабуе міталягізаваць гісторыю (тут неабходна падкрэсьліць, што “міт ня ёсьць ані аповедам пра рэчаіснасьць, ані інтэрпрэтацыяй, ані тлумачэньнем; слова й рэчаіснасьць у міце злучаюцца ў адно” (Г.Брандт). Навошта?

Для пераходу нацыянальнай сьвядомасьці ў іншабыцьцё неабходны міт як абалонка, што дазваляе “ня бачыць” і “ня чуць” падзеяў навокал. (“Армянская мова бегла ўперад мяне, як Крэз”. Х.Абавян). Ці ня значыць гэта, што ў прасторы нацыі няма такога месца й часу (“хранатопу”?), дзе быў бы магчымы нерытарычны погляд на рэчаіснасьць (г.зн.наагул на існаваньне нечага “Іншага”)?

Аўтарам падаецца, што адказ на гэтае пытаньне можа сапсаваць самое пытаньне. Гэта не пытаньне пра адказнасьць, а хутчэй пытаньне пра штодзённасьць, якое Ніцшэ фармулюе так: “Чалавечая наканаванасьць. Хто глыбей мысьліць, ведае, што ён ніколі ня мае рацыі, што ён ні рабіў бы й як бы ні меркаваў”.

(-0)

Дзіўным чынам палітыка ўтрымлівае ў межах свайго самавыяўленьня момант спакусьлівай адвольнасьці, нематываваных актаў актыўнай сьвядомасьці — г.зн. усё тое, што павінна сымбалізаваць свабоду. Часта палітыка ўспрымаецца як спосаб, а свабода — як стан. Мы ня можам адмовіць палітыцы ў ейнай прэтэнзіі на свабоду, у жаданьні павялічыць колькасьць адвольных самавыяўленьняў. Але мы хацелі б вызваліць годнасьць ад манапольных прэтэнзій палітыкі. Палітыка як форма штодзённай “разважлівасьці” ёсьць сапраўды татальнай зьявай, але менавіта свабода ў сваёй невыразнай і туманнай далечыні здольная тонкай, гіранічнай гульнёй сьцьвердзіць марнасьць усялякай прэтэнзіі.