Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 169

Невядомы

Постсавецкая практыка палітычнага маўленьня паступова аказваецца ў сытуацыі зьнікненьня такой шчыліны (вышэй мы згадвалі пра гэта як пра татальнасьць філялёгіі), што засталася апошнім прытулкам індывідуальнага разуменьня. Калектыўнае ж разуменьне, характэрнае для “ідэалёгіі нацыянальнасьці”, загадзя Рэпрэсіўнае ў дачыненьні да ўсялякіх пустотаў, дзе магчымыя палітычныя рэфлексіўныя практыкі. Для палітычнай абыдзённасьці гэта мае, на наш погляд, вельмі вялікую небясьпеку: немагчымасьць для абыдзённай сьвядомасьці ажыцьцявіць акт выбару не таму, што ён не прапанаваны ўладай, а таму, што адсутнічае прастора выбару, бо калектыўны досьвед “мовы крыві” настойліва дэзарганізуе тыя сэнсавыя ролі індывідуальнае сьвядомасьці, якія ня ўпісваюцца ў сымболіку гэтае мовы. Рэпрэсіўная інтэнцыя кадыфікуецца тут досыць выразна: калектыўны статус палітычнае мовы, зьнішчаючы мяжу паміж мовай і рэчаіснасьцю, заўсёды нагадвае пра асноўнае пытаньне, зь якім рэчаіснасьць нібы зьвяртаецца да індывідуальнага разуменьня: “Чым ёсьць ісьціна ў палітыцы?”

Як было адзначана вышэй, такое запытаньне мае на ўвазе перасоўваньне з пазыцыі “правільнасьці папярэдняга меркаваньня” на пазыцыю “правільнасьці ўяўленьня”, якое можа існаваць толькі ў калектыўным досьведзе “містэрыяльнае мовы”. Такім чынам, ажыцьцяўляецца ўзурпацыя панятку “ісьціны” й ягонай сымбылічнай функцыі ўстойлівасьці ды аднаўляльнасьці жыцьця.

5

Армэнія, нібы анёл, стаяла перада мной і надавала мне сілы. Бацька й маці, хата, дзяцінства, усё некалі сказанае, пачутае так жыва стала перада мной, што я забыўся на ўсё на сьвеце. Колькі было ў маёй галаве думак, што прыцішыліся, заблукалі, згубіліся,— раптам усе яны раскрыліся, усе вярнуліся да мяне.

Х.Абавян. Раны Арменіі.

Паспрабуем зьвязаць вышэйсказанае з сытуацыяй палітычнага самавыяўленьня нацыі ды зьвязанага зь ёй эфэкту “лінгвістычнага вакууму”, у выніку якога запатрабавальнымі робяцца дастаткова прымітыўныя кшталты самаідэнтыфікацыі. Для культуры гэтая апэрацыя патрабуе такой падрыхтоўкі гістарычнага матэрыялу, якая дазволіла б атаясамліваць гісторыю ды палітыку, дэманстраваць гісторыю як пасьлядоўнасьць палітычных актаў. Падрыхтоўчая праца дазваляе прыхаваць прапагандысцкі характар тае рыторыкі, што вызначаецца ў якасьці “ісьціны”. Вось якім чынам вызначаецца й ствараецца адна з самых папулісцкіх міталягемаў ня толькі ў армянскай культуры, але й ва ўсялякай культуры, што адносіць сябе да катэгорыі “малога народу”.

Спачатку ўводзіцца ва ўжытак тэза пра армянскую ўнікальнасьць, на якую накладаецца сымболіка Вялікага Гвалту, зьдзейсьненага ў дачыненьні да нацыі (гісторыя нацыі й ёсьць, уласна, Гісторыяй Вялікага Гвалту). Асяродкам сьветаўспрыняцьця робіцца генацыдальная сьвядомасьць, пабудаваная на перажываньні бясконца аднаўляльных пакутаў колішняга гвалту. Гэтая сьвядомасьць стварае для сябе вобраз Нацыі-Пакутніцы (“пакуты” — гэта якраз той кшталт пачуцьцёвасьці, які дыскрэдытуе любую аўтаномнасьць, ці — тэрыторыя калектыўнага досьведу жыцьця ў Гісторыі). І прымаючы такі вобраз, нацыя пачынае ўсьведамляць сваю ўнікальнасьць як унікальнасьць бясконцых пакут. Потым, у межах тае ж тэзы, называюцца “сапраўдныя” характарыстыкі нацыі, кшталту “Маленькі народ — Вялікая нацыя”, а будучыня вызначаецца як ідэальная пляцоўка для пацьвярджэньня “сапраўднасьці” народу. Трагічная пустэча сучаснасьці абяцае напоўненую будучыню. І мы маем перад сабой “вялікую гісторыю”, якую сучаснасьць выкарыстоўвае ў якасьці рытарычнай фігуры на ўсе выпадкі жыцьця.