Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 168

Невядомы

Панятак “мноства” значны ўжо для Арыстотэля, калі ён згаджаецца, што “непазьбежна, каб усе грамадзяне дзяржавы бралі ўдзел ці ва ўсім, што датычыць жыцьця дзяржавы, ці ні ў чым, ці ў адных справах бралі ўдзел, а ў іншых не”. Для Арыстотэля відавочна, што ў другім выпадку грамадзянін перастае быць грамадзянінам, г.зн. “грамадзянін”, паводле азначэньня, ня можа заставацца па-за зносінамі ці “маўчаць”. Зыходнай кропкай у канцэпцыі дзяржавы Плятона зьяўляецца тэза пра “адзінства” дзяржавы як аскрайняй ступені агульнасьці ягоных складнікаў. “Зразумела,— піша Арыстотэль — калі дзяржава пастаянна ўзмацняе сваё адзінства, яна перастае быць дзяржавай. Бо паводле сваёй прыроды дзяржава ёсьць пэўным мноствам”. Такім чынам, павінна існаваць мноства “палёў зносінаў”, першаснасьць якіх у адносінах адзін да аднаго можа ставіцца пад сумнеў штораз, калі акт выбару імкнецца заняць галоўную, цэнтральную пазыцыю ў быцьці грамадзяніна. Г.зн. “гістарызм” неабходна разглядаць не як акрэсьленае замкнёнасьцю міту Мінулае, а як штодзённы досьвед сувэрэннасьці кожнага дыскурсу, які дазваляе суб’ектыўнасьці займаць “грамадзянскую пазыцыю” супраціўленьня ўсялякай татальнасьці ды аўтарытарнасьці.

У кантэксьце вышэйсказанага аўтары маглі б высунуць меркаваньне пра характар ірацыянальнай моўнай рэчаіснасьці ў постсавецкіх краінах. Падаецца, што гэты характар рэалізуецца ў эстэтычным модусе “гаварэньня пра сьвет”. Калі пагадзіцца, што эстэтычнае зьвязана з такім бачаньнем сьвету, пры якім ягонай прадметнасьцю зьяўляецца не “мяжа”, “адрозьненьне”, “форма”, а “фактурнасьць”, “матэрыяльнасьць”, то ўзьнікае практыка па-за дыскурсіўнага стварэньня сьвету, якая заангажоўвае сваіх удзельнікаў у “містэрыяльную філялёгію” калектыўнага досьведу нацыі, дзе зь цяжкасьцю вылучаецца якая-небудзь дыскурсіўная арганізацыя ў эўрапейскім сэнсе й дзе “ідэалёгія нацыянальнасьці” вымушана падмяняць “ідэалёгію грамадзянства”.

4

Думка пра права ня ёсьць нечым такім, чым кожны валодае непасрэдна; толькі правільнае мысьленьне ёсьць ведай і пазнаньнем прадмету, і таму нашае пазнаньне павінна быць навуковым.

Гегель. Філязофія права.

Абыдзённая сьвядомасьць заўсёды прадугледжвае наяўнасьць шчыліны паміж мовай палітыка й той рэчаіснасьцю, якую гэтая мова апісвае. Канфігурацыя гэтае шчыліны не зьяўляецца нечым пагрозьлівым для ўлады, бо сам “прасьвет”, створаны ўладай, забясьпечвае ейную ўстойлівасьць: пэўная адлегласьць абумоўлівае пэрспэктыву ды аб’ём і стварае, такім чынам, жыцьцёвую прастору палітыкі. Падобная маўклівая дыстанцыя паміж уладай і ейнымі суб’ектамі дазваляе сумяшчаць мову ўлады з мовай штодзённасьці. Канфігурацыя шчыліны мае дынамічныя характарыстыкі й здольная зьмяняцца, але не таму, што палітык вырашыў суаднесьці свае словы з рэчаіснасьцю ці, наадварот, “зрабіць рэчаіснасьць адпаведнай сваім словам”. Мы бачым у гэтых зьменах хутчэй дэіндывідуалізаванае быцьцё мовы, ейную маўклівую працу па вяртаньні рэчаіснасьці ва ўлоньне “цьвярозага розуму”.