Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 167

Невядомы

3

Мова ня ёсьць ані рэакцыйнай, ані прагрэсіўнай; гэта звычайны фашыст, бо сутнасьць фашызму ня ў тым, каб забараняць, а ў тым, каб прымушаць казаць нешта. Слова паступае на службу ўлады. У кожным знаку высьпявае пачвара стэрэатыпу. Гаварыць — значыць сьцьвярджаць, а гэта значыць — навязваць паўтарэньне.

Р.Барт. Лекцыя.

Здаецца, што мы ўжо цяпер можам канстатаваць: у армянскай культуры адсутнічае распрацаваны й правераны інструмэнтары палітычнай мовы. Тут ня маецца на ўвазе створаная ды ўведзеная ва ўжытак палітычная міталягема. Мы гаворым пра “граматыку”, пра тыя структуры, якія дазволілі б нацыі самаідэнтыфікавацца ў палітыцы не на ўзроўні міту, а на ўзроўні слова. “Лінгвістычны вакуум”, які ўтвараецца пасьля таго, як “постсавецкая” армянская нацыя выяўляе сябе “суб’ектам усясьветнага права”, распачынае працэс асыміляцыі ўнівэрсальных, інтэрнацыянальных дыскурсаў. Такім чынам, ствараецца магчымасьць прарыву ізаляцыянісцкага пачатку, які ўзьнікае з акту нацыянальнай ідэнтыфікацыі на матэрыяле міталягічнага дыскурсу.

Відавочна, што палітычны дыскурс імкнецца запоўніць разрыў паміж “ізаляцыянісцкім мітам” і гуманізаванай мовай плянэтарнага мысьленьня, якая выкарыстоўвае панятак “нацыя” як інструмэнт унівэрсалізацыі панятку “чалавек”. У сувязі з гэтым паўстае пытаньне пра гістарызм палітычнай культуры. Рэч у тым, што панятак “культура” прадугледжвае наяўнасьць “невідочнага”, непрысутнага, і таму выяўленае выразна, непасрэдна, тут і цяпер, заўсёды мае на ўвазе большы па аб’ёме кантэкст выяўленасьці. У гэтым дапушчэньні традыцыя можа ажыцьцявіць сябе як штодзённасьць, г.зн. не на ўзроўні міту, а на ўзроўні моўнага жэсту, які валодае лякальным характарам свайго выкарыстаньня. Найбольш важным бачыцца магчымасьць у межах традыцыі аднаўляць у штодзённасьці дэмаркацыйны рэжым адрозьненьня ва ўжываньні дыскурсаў, бо традыцыя зьвязана сваім існаваньнем з унікальным структураваньнем часу й прасторы, якую яна стварае.

Адсутнасьць палітычнага традыцыяналізму прыводзіць да таго, што палітычны жэст страчвае лякальны характар і распаўсюджваецца на ўсе тэрыторыі культурных жанраў. Адсутнасьць лякальнага быцьцья для разнастайных жанраў, іхная распарушанасьць на татальным целе мовы, зразуметага як палітычны фэномэн, ставіць пад сумнеў магчымасьць для любой культурнай падзеі быць асэнсаванай у кантэксьце па-за моўнай рэчаіснасьцю. Мы маем справу з такой мовай, з такой інтэнсіўнасьцю “філялёгіі”, якая ня ўмее ствараць гісторыю, а адразу ператварае “цяпершчыну” ў міт. Тут можна спытаць у сябе, а ці існуе ідэалёгія грамадзянства як такая, ці выпрацавана рацыянальная канструкцыя такой сьвядомасьці, якая мае магчымасьць ажыцьцяўляць акты выбару як практыку гістарычнага ўзгадваньня ды ўзнаўленьня мноства рэчаіснасьцяў?