Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 166

Невядомы

У гэтым сэнсе можна казаць пра “звышшчыльнасьць” палітычнага дыскурсу, г.зн. ягоную здольнасьць быць месцам унівэрсальнага апалягетычнага акту ў адносінах да іншых дыскурсаў (паэзія, мастацтва, юрыспрудэнцыя). Напрыклад, калі паэт выступае з трыбуны ды гаворыць пра недазваляльнасьць і небясьпеку абыякавасьці ў дачыненьні да факту гвалту, то ў палітычным дыскурсе гэтае пачуцьце, гэтая мэтафорыка лёгка “канвэртуюцца” ў канцэпт “агульначалавечых каштоўнасьцяў” ды “правоў чалавека”, ці, калі гэта адбываецца ў кантэксьце сацыял-камуністычнай ідэалёгіі,— у клішэ “клясавай справядлівасьці” ці “неабходнасьці ахвяраў у імя будучыні”. Адначасова мова палітыкі спрабуе надзвычай ананімізаваць індывідуальнасьць чалавечага стылю дзеля ягонай канвэртацыі ва ўнівэрсальны кантэкст бясконцай цыркуляцыі вызначанай ды замкнёнай на сябе сукупнасьці значэньняў. Іншымі словамі, імя ў “гарачым” палітычным дыскурсе зьнікае, каб узьнікнуць у сытуацыі парушэньня, памылкі, спрэчкі, кандэнсавацца на гэтых разнастайных складках, што акаляюць невыносна сапраўдную “палітычную ісьціну”.

Дамінаваньне палітычнага дыскурсу прыводзіць да таго, што ён авалодвае ўсімі правамі на выяўленьне ў рэчаіснасьці “верагоднага” ў любым выглядзе. (Эфэкт дамінацыі стварае, перш за ўсё, мэдыяльны палітычны дыскурс навінаў зь ягонай прэтэнзіяй на скарочаную, але поўную верагоднасьць (!) у пераказе падзеяў.) Арыстотэль гаворыць пра першаснасьць палітычных “зносінаў” у параўнаньні з усімі іншымі практыкамі, якія ў дыскурсіўным полі ўлады выступаюць як магчымасьць.

Калі палітыкі разважаюць пра “гістарычнасьць” таго, што адбываецца, то ў іхнай мове нескладана разгледзець радыкальную ўстаноўку на перавод часу штодзённасьці ў “гістарычны час”, бо толькі апошні й здольны ператварыць падзейнасьць у наратыўны факт і пазбавіцца ад выпадковасьці. Тут неабходна падкрэсьліць, што сама сытуацыя “разуменьня” зьяўляецца, у сваю чаргу, спэцыфічным мэханізмам, поўным гермэнэўтычным эфэктам палітычнай дыскусіі. А фэномэн “непасрэднасьці” разуменьня рэгулюе інтэнсіўнасьць перажываньня. Натуральна, што тут магчымыя пасткі (псыхааналітычнага кшталту), закліканыя стварыць ілюзію таго, што пры сваёй іманэнтнасьці маўленьню ты захоўваеш індывідуальную складанасьць усьведамленьня рэчаіснасьці, што, калі ты гаворыш ці слухаеш, ты не губляеш сувязі з сабой маўклівым ці з сабой, які ня слухае. Гэта можна параўнаць з “рытарычным пратэзаваньнем”: я ўваходжу ў гэтую прастору з уласнымі пачуцьцямі й думкамі, там іхная сапраўднасьць дзіўным чынам трансфармуецца й у выніку чалавек перажывае адчуваньне “аголенасьці”. Адбыўся нейкі абмен, і вось ужо чалавек бачыць сябе як празрысты, прыміраны сьлед. Хутчэй за ўсё, мы мусім адмовіцца зьвязваць прыроду палітычнай мовы з прыродай індывідуальных высілкаў і перайсьці да аналізу дэгуманізаванай машынэрыі імпэрсанальнага тыпу.