Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 165

Невядомы

У нiжэйпададзеных нататках нашую ўвагу прыцягваюць адносiны “ўлада-палiтыка”, якiм уласьцiвы высокатэхналягiчны характар функцыянаваньня. Парадаксальна, што па-за праблематызацыяй усё яшчэ застаецца адсутнасьць “тэхналягiчнага мысьленьня”, таму адносiны “палiтыка-ўлада”, “слова-дзеяньне” маюць iрацыянальны характар — iнтуiцыя, мiстычная санкцыя, кон, выпадак i г.д.

1

Бо там, дзе пануе лацiнская мова, там захоўваецца й рымская ўлада. Ларэнца Вала. Элеганцыi. 1440 г.

…Iнтэлiгенцыi трэба прызнаць ужо факт, што яна па сутнасьцi гаворыць на мове камунiстычнага (мадэрнiсцкага) праекту. Безумоўна, адбыўся пэўны зрух значэньняў, нейкiя фрагмэнты моўнай рэчаiснасьцi адышлi на заднi плян, iншыя значэньнi гiпэртрафавалiся ды пачалi дамiнаваць на палiтычнай авансцэне мовы. Гэтыя перасоўваньнi моўных значэньняў супадаюць з узьнiкненьнем “новых” людзей у палiтычным тэатры, якiя гавораць ужо на “новай” мове й думаюць “новым” мысьленьнем. Своеасаблiвае сьвяткаваньне “навiзны” мае на мэце ня ўласна iнтэлектуальныя высiлкi па асэнсаваньнi таго, што адбываецца, а, хутчэй, прапануе сябе як сурагат уяўнага разуменьня. Праблему можна сфармуляваць у лiнгвафiлязофскiм аспэкце, а менавiта як дапасаваньне выказваньня й рэчы ў працэсе выяўленьня значэньняў праўднасьцi й няпраўднасьцi. М.Хайдэгер вельмi празрыста артыкулюе гэтую тэматыку: “Выказваньне зьяўляецца праўдным, калi тое, што яно мае на ўвазе ды пра што гаворыць, дапасуецца да рэчы, пра якую выказваецца дадзенае меркаваньне. Гэтаксама й тут мы гаворым: Гэта правiльна. Але цяпер правiльнай зьяўляецца ня рэч, а сказ”.

Такiм чынам, сьцьвярджаючы, што менавiта ў межах сказу рэалiзуецца прынцып праўднасьцi цi няпраўднасьцi, мы мусiм выразна зафiксаваць дыскурсыўную (моўную) прыроду палiтычнай практыкi. Бо менавiта ў палiтыцы суадносiны мовы й рэчаiснасьцi ажыцьцяўляюцца як унiвэрсальнасьць кону. “Чым ёсьць iсьцiна ў палiтыцы?”— цi не хаваецца у гэтым пытаньнi жаданьне адрадзiць праўднасьць “уяўленьня пра рэч” ды замянiць гэтым уяўленьнем “сказ пра рэч”? Магчыма, значэньне праўднасьцi ў палiтыцы можа быць апiсана як бесьперапынны рух мовы памiж выпадковасьцю й конам, памiж “уяўленьнем” i “сказам”.

2

…Чалавек па сваёй прыродзе ёсьць істотай палітычнай. Арыстотэль. Палітыка.

Мы ўшчыльную падышлі да таго, каб выразна й дакладна сфармуляваць некалькі тэзаў, абапіраючыся на якія будзе магчыма хаця б прыблізна паказаць, наколькі мы захоплены мовай улады, падсьвядома асацыяваны зь ёй.

Ужо вынікам развагаў Арыстотэля сталася ідэя пра татальнасьць адносінаў улады, якая разумелася Арыстотэлем як “зносіны”. Уласна кажучы, “зносіны” — гэта і ёсьць акт улады, яны выступаюць ня столькі пасярэднікамі паміж суб’ектамі ўлады, а ў якасьці пасярэдніка, функцыянуе як “маўленчае цела” ўлады, якое напаўняе інстытуцыйныя формы — дзяржаву, сям’ю, групы рознага ўзроўню. “А той, хто ня здольны мець зносіны ці лічыць сябе істотай самакіраванай і не адчувае патрэбы ані ў чым, той ужо ня ёсьць элемэнтам дзяржавы й ператвараецца ў жывёлу ці боства”. Такім чынам, на тэрыторыі палітычнага дыскурсу зьдзяйсьняюцца акты падпарадкаваньня й панаваньня, але з-за таго, што гэтыя акты (паводле Арыстотэля) маюць унівэрсальны характар, то робіцца відавочнай пэўная татальнасьць палітычнага дыскурсу.