Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 164

Невядомы

Абстрактнасьць, якую Дэлёз надае паходжаньню ды iснаваньню думкi, дазваляе выразьней убачыць тое, што фармуе крызыс мысьленьня ды надзяляе тэксты пра крызыс асаблiвай (негiстарычнай) цiкавасьцю.

У свой час Поль дэ Ман у эсэi “Крытыка й крызыс”, аналiзуючы оксфардскую лекцыю Малярмэ, пiсаў: “Мы ў значнай ступенi страцiлi цiкавасьць да рэальных падзей, апiсваных Малярмэ як крызыс, але мы зусiм ня страцiлi цiкавасьцi да тэксту, што прэтэндуе на апiсаньне крызысу, бо менавiта тэкст i ёсьць тым самым крызысам, на якi ён спасылаецца” (Философские науки. 1999, № 3. с. 52). Магчыма, што нашая цiкавасьць да падзеяў пачатку 90-х гадоў нашмат слабейшая, чым пяць—шэсьць год таму. Але аўтары мяркуюць, што мы знаходзiмся ў патэнцыйнасьцi таго крызыснага поля, якое было зададзена “кiданьнем iгральных костак” менавiта тады, калi прамежак памiж гаварэньнем i бачаньнем стаўся раптам такiм вялiкiм, што магутныя наратывы гiсторыi, палiталёгii, сацыялёгii, культуралёгii нiбы правалiлiся ў яго.

Так зьявiлiся лякальныя дыскурсы-канстэляцыi, якiя апiсваюць крызыс нейкiм дзiўным, эпiзадычным, фрагмэнтарным, падобным да “скокаў” iгральных костак, пiсьмом. Прапанаваны вашай увазе тэкст — адзiн зь iх. Апiсваючы крызыс, ён адначасова адлюстроўвае яго. Шмат якiя рэчы з тых, што сёньня ўспрымаюцца як эсэiстычна-папулiсцкая стылiстыка тэксту, насычаная кiнэтычнымi мэтафарамі, аўтары маглi б зьмянiць, бо мы жылi, здавалася, у прарэджанай крызысам прасторы. Але гэтая стылiстыка выяўляе ўзбуджаную наяўнасьць нечага Зьнешняга, што так актыўна перажывалася, якому аўтары i адрасуюць свае iнтэнцыi. Цяпер, калi Добры Вялiкi Iншы (“народ”, “Эўропа”, “адраджэньне”, “дэмакратыя” i г.д.) стаўся гiстарычным досьведам культурнага аптымiзму, у iнтэлектуала ёсьць шанец вярнуцца да зьнешняга як да крынiцы думкi, а не спадзяваньняў, апраўданьняў ды расчараваньняў.

Адносiны ўлады й мысьленьня як адносiны ўзаемнага дэкадаваньня маглi б быць разгорнутыя ня толькi ў канстэляцыi мiту й гiсторыi, але таксама ў кантэксьце тэхналёгii й працы. Так, гісторыя лічыць сябе пасьлядоўным шэрагам працэдур мысьленьня (тэхналёгiя), а мiт — дзейнасьцю ўлады (праца). Можна пагадзiцца, што на Беларусi “разрыў” тэхналёгii й працы выяўляе сябе як значны дыскурс-канстэляцыя, аднак сам “разрыў” вызначае тэхналёгiю як замененую працу (тэхналёгiя суправаджаецца задавальненьнем — зручнасьць, эканомiя сiл, высокi ўзровень квалiфiкацыi й кампэтэнцыi, складаная сыстэма падлiку прыкладзеных намаганьняў). А праца як замена тэхналёгii на квазiэкзыстэнцыяльную героiку пакуты. Такiм чынам, тэхналёгiя-задавальненьне ды праца-пакута як асаблiвыя дынамiкi культурнага ляндшафту маглi б выдалiць мову ўлады з абалонкi “iсьцiннасьцi” ў галiну лякальных, канстэлятыўных адзiн да аднаго дыскурсаў. Менавiта ў гэтай галiне пакута й задавальненьне ствараюць эфэкты невэрбальнасьцi ўнутры палiтычнага “моўнага поля”. Праца зьяўляецца дыскурсыўным карэлятам мiту, i таму — формай “неапраўданых спадзяваньняў”. Улада ажыцьцяўляецца як рух ад пакуты да надзеi з адначасовым запаўненьнем разрыву “мэтанакiраванай”дзейнасьцю.