Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 163

Невядомы

Як нi дзiўна, менавiта гэтыя пытаньнi сталiся для аўтараў пабуджальнымi для таго, каб рэтраспэктыўна падаць досьвед асэнсаваньня палiтычнага ляндшафту Армэнii, дзiўнага постсавецкага “блiзьнюка” Беларусi. Але ўсялякая спроба такога асэнсаваньня тоiць небясьпеку сасклiзваньня ў традыцыяналiсцкую мову палiталёгii, чаго аўтары, безумоўна, хацелi б пазьбегнуць. Для “моцнай” палiталягiчнай думкi характэрная лiтотнасьць аналiтычнага iнструмэнтарыя — “барацьба за ўладу”, “клясавы iнтарэс”, “гвалт”, “дэмакратычныя каштоўнасьцi”, “кансэрватызм-экстрэмiзм-цэнтрызм”, “дыктатура”, “народ” i г.д. — усё тое, што надае гэтай думцы мiталягiчную “моц”, i адначасова “намагнiчвае” яе клясычнымi сэнсамi Гiсторыi як мацi адзiнстваў усiх навук. I цяпер, i пяць, i дзесяць год таму гэтая думка набывала моц у таўталёгii i дыскурсыўным гэрметызме. Аўтары, рэ-прэзэнтуючы свой тэкст пачатку 90-х гадоў, спрабуюць гэткiм чынам разьвiтацца з фальшывым пачуцьцём “трансцэндэнтальнай небясьпекi”, пра якую нагадвае ўсялякая “моцная думка”, i перайсьцi на пазыцыю таго, што Джанi Вацiма называе “слабой думкай”, для якой, з аднаго боку, “глябальныя сыстэмы сэнсаў” ужо ня ёсьць гiпнатычнымi фактарамi iнiцыяцыi, з другога — двусэнсоўнасьць сфэры прыватнага ў нашай сытуацыi падштурхоўвае не да “адмаўленьня ад фундамэнтальнага”, а да ягонага згiнаньня й лякалiзацыi ў дыскурсах-канстэляцыях.

Калi мы чытаем, што “народ, якi, паводле адраджэнскага мысьленьня, разглядаўся як “хворы”, “несьвядомы”, як нешта, што мусiць прачнуцца, абудзiцца, заняць свой пасад, прыгадаць сваё мiнулае,— такога народу болей няма (цi, больш дакладна, такi народ ёсьць мёртвым” — I.Бабкоў),— то мы ўспрымаем гэнае разуменьне як спробу адмовiцца ад гарантый для мысьленьня сябе ў рэчаiснасьцi. Як сымбалiчнае спусташэньне дзеля абуджэньня ад гiстарычнага сну. Прыкладам апошняга можа быць той факт, што актуальны крызыс iнтэлектуала ў сучаснай культуры Беларусi амаль заўсёды праецыруецца на актуальную сытуацыю (палiтычную, эканамiчную, культурную) i праз гэта набывае сытуатыўныя коды. Разам з тым, ёсьць некаторая патэнцыйнасьць крызысу, якая ня зводзiцца да “трагiчнага лёсу культуры”.

Паколькi гаворка пойдзе пра адносiны iнтэлектуала (iнтэлектуала, якi гаворыць) i улады, то будзе дарэчным патлумачыць, як аўтары (сьледам за Дэлёзам) сёньня разумеюць адносiны ўлады й мысьленьня. “…З пункту гледжаньня ўлады як праблемы, мысьлiць — значыць выпраменьваць сынгулярнасьцi, кiдаць iгральныя косткi. Кiданьне iгральных костак адлюстроўвае якраз тое, што думка заўсёды прыходзiць звонку (з таго зьнешняга, якое цi ўжо правалiлася ў прамежак памiж гаварэньнем i бачаньнем, цi ўтварыла iхную агульную мяжу). Мысьленьне не зьяўляецца анi прыроджанай, анi набытай уласьцiвасьцю. Яно ня ёсьць праявай нейкай прыроджанай здольнасьцi, але гэтаксама ня ёсьць i наступствам навучаньня, што фармуецца ў зьнешнiм сьвеце” (Ж.Дэлез, Фуко, М., 1992, с. 152).