Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 162

Невядомы

Ідэю “складкі” ў кантэксьце падобных разваг правамоцна разумець як своеасаблівы сымбаль духоўнасьці мяжы 20—21 стст., як унівэрсальны прынцып унівэрсальнай ідэйна-культурнай і палітычнай дэзарганізацыі сьвету, у якім, паводле словаў К.Відаль, пануе “пустата, у якой нічога не вырашаецца, дзе ёсьць толькі рызомы, парадоксы, што руйнуюць здаровы сэнс пры вызначэньні дакладных межаў асобы. Праўда нашага становішча ў тым, што ніводзін праект ня мае абсалютнага характару. Існуюць толькі фрагмэнты, хаос, адсутнасьць гармоніі, бязглуздасьць, сымуляцыя, трыюмф відочнасьцяў і легкадумства”.

2001 г.

Палітыка разрываў. Слабое мысьленьне ў эпоху крызы

0

Мы зноў прачнуліся ў глябальным сьвеце, геапалітычная пройма паціху зьдзьмувае нас на Усход. Мы прагнулі свабоды, а атрымалі дыскурс “фальшаванае нармалізацыі” (Ю.Крысьцева), скіраваны на вольнае перасоўваньне ў плянэтарнай прасторы McDonald’s’a, Panasonic’a і гуманітарнае дапамогі, а таксама знакаў, тэкстаў і іншых інтэрпрэтацыяў. Нам засталося адно — самота сучаснага скрыптара ды “la culture revolte”.

І.Бабкоў. “Фрагмэнты”

Iнтэлiгенцыя ў нас шчасьлiвая тым, што яе проста не чапаюць. Яны шчасьлiвыя кволым радасьцям — зьезьдзiць у Парыж, пачытаць лекцыi ў Амэрыцы, перахапiць грантык у Сорасе, атрымаць датак ад Гусiнскага, пачытаць Дэрыда на расейскай мове. У клясы, якая мусiць мысьлiць, у Расеi няма анiякiх сацыяльных амбiцыяў: яна настолькi ж збанкрутаваная, як i нашая дзяржава. Гэта iнтэлектуальны дэфолт. Маючы за плячыма такi калясальны досьвед, такую гiстарычную катастрофу, ды тут толькi паварочвайся — столькi ўсяго варта сказаць, зрабiць i напiсаць. А цi напiсаная за гэтыя гады хаця б адна кнiга зь вялiкай лiтары, цi прагучала хоць адно меркаваньне? Толькi спрэчкi, хто лепей перакладае Раляна Барта! Тут ня ўзьнiкла постацi сацыяльна рэактыўнага, крытычнага iнтэлектуала… А iнтэлектуальных тыпаў тут два — артыст ды тусоўшчык. Адзiн заглыблены ў чыстае разважаньне, а другi проста лётае, перахоплiваючы тут грант, там кактэйль, а там знаёмства з амэрыканскiм прафэсарам ды iншае…Iнтэлiгенцыя нiчога не гаворыць. Ды яе нiхто й не пытаецца…

Вiктар Мiзiяна, Логас

Нашае iснаваньне ў постсацыялiстычнай рэчаiснасьцi, пасьля правалу камунiстычнага праекту, пасьля дысквалiфiкацыi капiталiстычнага праекту, пасьля лякалiзацыi нацыянальнага адраджэнскага праекту працягвае нараджаць адную i тую ж сымболiку “разрыву”, таго самага “разрыву”, мэта якога — адасобiць нас ад уласнага Мiнулага. Але цi можам мы цяпер, нават пад уцiскам сымбалiчнай энэргii “разрыву” сьцьвярджаць, што “гаворым” на iншай мове? Цi адасобiлася постаць iнтэлектуала ад праекту вялiкага перастварэньня рэчаiснасьцi? Цi не прыхоўвае сымболiка “разрыву-адмаўленьня” дзейнасьці iнэрцыйных сiл калектыўнага несьвядомага, асаблiвую адчувальнасьць да якiх ня здольная паслабiць нават тая прывiлеяваная пазыцыя, у якой працягвае сьцьвярджаць сябе сучасны iнтэлектуал. Зь iншага боку, аўтары разглядаюць пазыцыю iнтэлектуала як маўленчую форму, якая ў нашай сытуацыi адчувае свой уласны разрыў, народжаны дзьвюма iнтуiцыямi — фiлялёгiяй як моўнай iдэнтычнасьцю (усьведамленьнем пляну выказваньня сваiх думак) ды фiлязофiяй як спробай разьвесьцi самасьвядомасьць i плян выказваньня на дыстанцыю думкi.