Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 161

Невядомы

10. Садзейнічае канстытуяваньню нетрадыцыйнай для ўсёй эўрапейскай нетрадыцыйнай культуры мадэлі захаваньня індывідам сваёй ідэнтычнасьці (Фуко), выкладаючы гэтую мадэль у такіх канцэптуальна-паняткавых схемах, якія “высьлізгваюць” з-пад улады панавальнага інтэлектуальнага дыскурсу: згодна з Фуко, складка Быцьця здольна ўтварыць Самасьць, калі веда-Быцьцё й улада-Быцьцё ўжо спляліся й “душаць адно аднаго”; складка Зьнешняга канстытуе Самасьць гэтак жа, як Зьнешняе фармуе адпаведнае Ўнутранае. Паводле Фуко, той факт, што паміж ведай, уладай і самасьцю немагчыма паставіць знак роўнасьці, гэтак жа сама, як і факт адначаснай іхнай узаемазьвязанасьці, вызначаюць наступныя праблемы: а) што менавіта я магу ведаць, бачыць і выказваць у пэўных умовах “сьвету” й мовы; б) што менавіта я магу рабіць, на які аб’ём улады я магу прэтэндаваць і які супраціў гэтай уладзе я закліканы чыніць; в) кім я магу быць, якімі складкамі магу сябе абмяжоўваць, г.зн. як менавіта я магу сьцьвердзіць сябе ў якасьці аўтаномнага суб’екту. Фуко фармулюе гістарычна канкрэтныя пазыцыі індывіда ў сыстэме “прамаўляецца — бачыцца — супраціўляецца — пражываецца”. (Гэтыя пазыцыі аналягічныя “вечным” філязафічным пытаньням: Што я ведаю? Што я магу рабіць? Што я ёсьць?)

11. Адлюстроўвае, на думку Дэлёза, тое, што сучасны чалавек абапіраецца на прынцыпова новыя зьнешнія да яго сілы, і апэратыўны мэханізм гэтай апоры фармуецца з дапамогай своеасаблівай Звыш-складкі. Пра канстытуяваньне апошняй “сьведчаць выгіны, уласьцівыя ланцужком генэтычнага коду, магчымасьці крэмнію ў кампутарах трэцяга пакаленьня, а таксама абрысы фразы ў літаратуры мадэрну, калі языку “толькі й застаецца што загнуцца, вечна азіраючыся на сябе”. Тым самым, з гледзішча Дэлёза, сілы чалавека ўзаемадзейнічаюць зь “сілай крэмнію, які бярэ рэванш над вугляродам, зь сіламі генэтычных кампанэнтаў, якія бяруць рэванш над арганізмам, зь сілай аграматыкальнасьцяў, якія бяруць рэванш над азначаным”.

На думку К.Відаль, сутнасьць разваг пра “складку” рэдукаваная да ідэі пра тое, што матэрыя, рухаючыся ня столькі па крывой, колькі па датычнай, фармуе бясконцую порыстую й поўную пустот (без аніякіх прабелаў) тэкстуру. Сьвет з такім абліччам, на думку Відаль, ёсьць “кавернай унутры каверны, ён уладкаваны, як пчаліны вулей, зь няправільнымі праходамі, у якіх працэс згортваньня-загортваньня ўжо больш не азначае папросту сьцісканьня-расьцісканьня, скарачэньня-пашырэньня, а хутчэй дэградацыю-разьвіцьцё… Складка заўсёды знаходзіцца “паміж” дзьвюма іншымі складкамі, у тым месцы, дзе датычная сустракаецца з крывой… яна не адпавядае ніякім каардынатам (тут няма ні верху, ні нізу, ні права, ні лева), але заўсёды “паміж”, заўсёды “і тое, і іншае”.