Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 159

Невядомы

Згодна з Дэлёзам, Фуко падобным чынам пераадольвае фэнамэналягічную інтэнцыяльнасьць: замест клясычнага суб’екту ў Фуко “жыве, дыхае, ажыўляецца пэрыстальтыкай, складкамі-зьвілінамі — гіганцкае нутро, гіганцкі мозг, марская паверхня, ляндшафт з рухомым рэльефам”. “Складцы” Фуко вяртае онталягічны статус.

4. Адносна мяжы магчымых уласных інтэрпрэтацый ставіць пад сумнеў магчымасьць самога існаваньня нейкай зьнешняй кропкі ў дачыненьні да адрозьненьня: складка (згібы) — такія цялесныя падзеі, якія не зьяўляюцца ўласьцівасьцямі якога-кольвечы быцьця, бо ня маюць двайніка ў асэнсаваньні й мове; у іх атрыбутыўна адсутнічаае зыходны сэнс — яны самі яго прадукуюць, элімінуючы з уласнай сыстэмы інтэлектуальных сымпатыяў наперад зададзены прыярытэт асэнсаванага сэнсу перад бяссэнсіцай. Розныя ж “магчымыя сусьветы” як прадукт “складкі” лякалізуюцца прынцыпова па-за апазыцыяй “магчымае—рэчаіснае”, бо складка ня мае патрэбы ва ўласнай прысутнасьці, каб набыць сваё “ня-месца”.

5. Вызначана характарызуе спосаб, празь які ажыцьцяўляецца адрозьненьне: выяўляе іманэнтнасьць пасіўнасьці адносна апэрацый складаньня (параўн. складка на шарыку, зь якога выпусьцілі паветра) у адрозьненьне ад “згібу” — працэдуры з атрыбутыўнай ёй унутранай энэргетыкай. Дынамічная, сілавая мадэль “складкі” прадугледжвае наяўнасьць пэўнага супрацьстаяньня, супрацьборства сіл згібаньня, згібу. Форма ў кантэксьце парадыгмы “складкі” ёсьць вынікам згібу сіл матэрыі, здольнасьць апошняй захоўваць, фіксаваць той ці іншы згіб. У межах апісаньня сусьвету праз ідэю “складкі”, “цьвёрды” й “мяккі” кшталты матэрыі (з чаго “складка” зроблена ці робіцца) розьняцца тымі ўзроўнямі супраціву, якія альбо абумоўліваюць тармажэньне дзеяньня мэханізмаў складаньня/згібаньня, альбо паскараюць іх. У гэтым кантэксьце “складка”, у сутнасьці,— ня ёсьць Згінам, ажыцьцяўленьне якога прадугледжвае пераадоленьне супраціву матэрыялу ці той (зьнешняй) сілы, якая захоўвае форму згібанага.

6. У межах злучаных з паняткам “складка” нэалягізмаў, “складка ўнутры складкі”; “быць складкай для сябе” (Фуко, М.Пруст); “складка Бога” як “ідэальная складка” — прадугледжваецца магчымасьць і здольнасьць мысьліць пэўным чынам. А менавіта: валодаць разуменьнем падставовых (у Боскім сьвеце — усіх) трансцэндэнтальных уласьцівасьцяў вобразу сьвету. У такім кантэксьце “складка” (у адрозьненьне ад рэпэртуараў згібаньня й складаньня) месьціцца па-за межамі непасрэднага фізычнага сэнсу. Далягляд парадыгмаў “складка ўнутры складкі”, “складка Бога” прадугледжвае зададзенасьць вобразу, схемы й сэнсу ўнівэрсальнага й “лініі сьвету”, “лініі ліній”, “лініі зьнешняга”. (Правамоцна параўнаць гэтую функцыю “складкі” з мадэльлю трансцэндэнтальнай падставы існаваньня “сьвету ў думцы” ў Ляйбніца: прынцып наперадусталяванай гармоніі). У адрозьненьне ад характарыстык сьвету паводле Ляйбніца (бесьперапыннасьць, дасканаласьць і цэласнасьць, наперадусталяваная гармонія), Дэлёз зарыентаваны на ажыцьцяўленьне “тэхналягічнай” эксплікацыі гэтых прынцыпаў у якасьці пэўнай пасьлядоўнасьці апэрацый: дынаміка складкі (“лінія сьвету” як “лінія Зьнешняга”, якая няспынна ўводзіць ува ўсё “код” разрозьненьня) інтэрпрэтуецца ім як “найвялікшая машына Сьвету”. Згодна з Дэлёзам, “лінія сьвету злучае кавалкі фону з вуліцай, вуліцу з возерам, гарой ці лесам; злучае мужчыну й жанчыну, сусьвет, жаданьні, пакуты, зраўнаньні, доказы, трыюмфы, заспакаеньне. ...Кожны з нас здольны адкрыць сваю лінію сьвету, але яна адкрываецца толькі ў той момант, калі праводзіцца па лініі складкі”.